Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з трох розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.


БУДОВА СЛОВА

Два і дзьве — двух і дзьвюх; двухтысячны і дзьвюхтысячны

Як скажам па-беларуску: двухтысячны, двутысячны ці, можа, дзьвюхтысячны? Журналіст і паэт Глеб Лабадзенка даслаў нам ліста, у якім просіць напомніць пра беларускае скланеньне лічэбнікаў два і дзьве, а таксама пытаецца, ці захоўваецца родавая форма дзьвюх у тым выпадку, калі лічэбнік выступае як частка складанага слова.

Пачну з напаміну. Скланяючыся, лічэбнікі два, дзьве, а таксама абодва, абедзьве маюць родавыя формы: пры назоўніках мужчынскага і ніякага родаў аснова лічэбнікаў цьвёрдая, пры назоўніках жаночага роду — мяккая. Ёсьць, напрыклад, два дамы і дзьве дзялянкі пры іх. Зьмяняем лічэбнікі з увагаю на родавае адрозьненьне: двух дамоў і дзьвюх дзялянак, двум дамом і дзьвюм дзялянкам, двума дамамі і дзьвюма дзялянкамі, пры двух дамох і дзьвюх дзялянках. Для паўднёва-заходняга дыялекту, для цэнтральнае і паўднёвае частак сярэднебеларускіх гаворак, а таксама для палескае групы гаворак характэрныя крыху іншыя родавыя формы — з гукам [о] (не пад націскам [а]) у аснове: напрыклад, двох і дзьвёх, двом і дзьвём. Такія формы маюць гісторыю ўжываньня і ў літаратурнай мове, як старога часу, так і XIX — XX стст. Цяпер, аднак, у літаратурным маўленьні адназначна пераважаюць формы з гукам [у] у аснове: двух і дзьвюх, двум і дзьвюм і г. д. Галоўнае для нас — не забывацца на родавае адрозьненьне пры скланеньні разьбіраных тут лічэбнікаў. Заўсёды памятайма: формы дзьвюх, дзьвюм, дзьвюма могуць стаяць толькі пры назоўніках жаночага роду: дзьвюх сёстраў (сясьцёр), але двух (ні ў якім разе ня дзьвюх!) братоў.

А зараз — пра тыя складаныя словы, у якіх першая частка — лічэбнікавая форма. Двухгаловы, дзьвюхгаловы або, нарэшце, двугаловы? Факты дыялектнае мовы сьведчаць, што часта ў складаных словах першая частка мае форму дву-. Што гэта за форма? Дву — даўняя, архаічная іменная форма роднага склону ад лічэбніка дъва (дъве). Дайшла яна да нас якраз у складаных словах: двугаловы, двудушны, двуногі, двурукі і інш. Да прыкладу, у Насовічавым слоўніку беларускае мовы (1870), у перакладных слоўніках Сьцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова (1920-я гг.) зафіксавана менавіта форма двугаловы. Але сучасныя нарматыўныя слоўнікі фіксуюць двухгаловы. Двухгаловы — відавочна, пазьнейшы, савецкага часу, варыянт, прычым аформлены ён без уліку родавых адрозьненьняў: па-беларуску ж дзьвюх (ня двух!) галоў (галоваў). І вось у 1990-я прыкметнаю стала тэндэнцыя афармляць складаныя словы, зважаючы на родавую форму лічэбніка: усё часьцей ужываюцца формы накшталт дзьвюхгаловы, дзьвюхзьменны, дзьвюхмоўны, дзьвюхтысячны.

Аб’ектыўна ацэньваючы сёньняшнюю моўную практыку, трэба пакуль што гаварыць пра варыянты складаных словаў, у якіх першай часткаю выступае форма лічэбнікаў два і дзьве (скажам, з нарматыўнай у паваенную пару формаю двухтысячны рэальна канкуруе варыянт дзьвюхтысячны, радзей у літаратурным маўленьні ўжываецца даўняя форма двутысячны).



ФОРМА СЛОВА

Сабрáўся быў, сабрáлася была, сабрáліся былі

У нашай мове ёсьць дзьве формы прошлага часу — простая і складаная. Узяўся быў, была ўзялася, узяліся былі — так выглядае складаная форма, або, іначай кажучы, плюсквампэрфэкт (ад лац. plusquamperfectum).

Вядомы ў мове з глыбокае старажытнасьці, плюсквампэрфэкт прайшоў эвалюцыю і ператварыўся ў форму з двух кампанэнтаў — асноўнага дзеяслова і дапаможнага дзеяслова быць. Складаная форма прошлага часу перадавала і цяпер перадае даўномінулае дзеяньне. Іншымі словамі, мы скарыстоўваем плюсквампэрфэкт, каб абазначыць тое мінулае дзеяньне, якое адбылося ці адбывалася раней за нейкае другое дзеяньне. «А коли она была прышла... было Трышчану сем летъ», — у старабеларускім перакладзе «Аповесьці пра Трышчана» плюсквампэрфэкт ужо мае такое самае, як і цяпер, двухскладнікавае аблічча (была прышла).

Ужываючы плюсквампэрфэкт, трэба памятаць, што дапаможны дзеяслоў быць заўсёды ставіцца ў той родавай і лікавай форме, што й асноўны дзеяслоў: зрабіў быў, зрабіла была, зрабіла было, зрабілі былі. «Доўга людзі цешыліся з цудаў, што зрабіў быў Люцыян Таполя», — гэты паэтычны сказ я выпісаў у Максіма Танка. Зьвярну ўвагу, што ў сучаснай літаратурнай мове формы складанага прошлага часу абсалютна нарматыўныя, паўнапраўныя. Варта нам на іх не забывацца — ужываць, падкрэсьліваючы тым самым даўномінуласьць дзеяньня.

Скажам, напрыклад: мы пачалі былі работу, але дождж змусіў нас перапыніць яе; яна сабралася была выходзіць з дому, але нечаканы званок перамяніў яе намеры.



ВЫБАР СЛОВА

Гуляць, гульня, гулец

Як называем па-беларуску ўдзельніка гульні? І ў сэнсе забавы, забаўляньня, і таксама ў значэньні суперніцтва, якое вядзем паводле пэўных правілаў, рэгулярна ўжываецца ў нас назоўнік гульня, тым ня менш удзельніка гульні часта мянуюць іграком — забываюцца на слова гулец.

Ёсьць, здаецца, нават комплекс боязі назоўніка гулец — нібыта ён нечым нядобры. Баяцца ў гэтым разе ня трэба: гулец — заканамернае ўтварэньне ад дзеяслова гуляць. Той, хто нешта выдае, — выдавец, хто косіць — касец, той, хто курыць, — курэц, хто плыве — плывец, хто прадае — прадавец. Такую ж самую форму мае й назоўнік з значэньнем чалавека, які гуляе: гэты чалавек — гулец. У цяперашнім літаратурным маўленьні, калі маюць на ўвазе суперніцтва, канкурэнцыю, ужываюць, як правіла, дзеяслоў гуляць (а не іграць (граць)): гуляць у тэніс, гуляць у карты, гуляць у хованкі. Раз мы гуляем, значыцца, мы гульцы. Зьвярну яшчэ ўвагу, што гульца нязьменна фіксуюць нарматыўныя слоўнікі нашай мовы.

Ігрок, як і формы іграч, ігрэц, дарэчы, калі гаворка ідзе пра ігру, іграньне (граньне), найперш, вядома, іграньне на музычным інструмэнце. Словамі ігрок, іграч, ігрэц у народнай беларускай мове называлі і называюць музыку. Гавораць у нас: і жнец, і шавец, і на дудзе ігрэц; або — амаль тое самае — і шавец, і кравец, і ў дуду ігрэц.

Стараймася быць больш пасьлядоўныя ў сваёй мове — не забываймася на добрае беларускае слова гулец. Вось жа, у гульні гуляюць гульцы.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG