Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: «Хачу паказаць жывую руку, з пахам травы і крыніц»


Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

У ліпені выйдзе кніга рукапісаў Рыгора Барадуліна «Лепей». Гэтае ўнікальнае выданьне народнага паэта рыхтуе журналіст Глеб Лабадзенка.

Рыгор Барадулін вядомы сваімі навацыямі ў айчынным прыгожым пісьменстве. Традыцыйны, здавалася б, лірык у кожнай новай кнізе зьдзіўляе ці то нечаканымі рыфмамі, ці то новымі словамі, ці то нечуванай да яго эратычнасьцю, ці то перастварэньнем біблійных псальмаў. Пошукам новага зьместу і формы паэт заняты й цяпер. У гэтых пошуках мэтра падтрымаў ягоны малады сябра журналіст Глеб Лабадзенка.

«Хацелася нечага незвычайнага. Якраз Глеб гэтую ідэю падтрымаў».

Спадар Глеб ня толькі падтрымаў ідэю выданьня кнігі рукапісаў Рыгора Барадуліна, але і ўзяў на сябе ўвесь клопат па яе падрыхтоўцы. А ён аказаўся немалы. За больш чым шэсьць дзясяткаў гадоў творчага жыцьця ў паэта набралася незьлічоная колькасьць рукапісных нататнікаў. Спадар Глеб прызнаецца, што ня ўсе іх прачытаў.

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

«Зразумела, што ня ўсе нататнікі я апрацаваў, а толькі каля двух дзясяткаў. Я адсканаваў больш за пяцьсот вершаў з розных гадоў. Самы раньні зь іх сягае ў пяцьдзясят другі год і напісаны пад псэўданімам Алесь Чабор. А самыя сьвежыя — літаральна зь мінулага месяца яны будуць. То бок за шэсьдзясят адзін год там будуць прадстаўленыя вершы».

Складальнік кажа: чытаючы нататнікі Рыгора Барадуліна, ён уразіўся, наколькі розны паэт на суседніх старонках. І гэтая рознасьць легла ў аснову кампазыцыі будучай кнігі.

«Вось на адной старонцы — „Маленьне за Беларусь“, а на другой — верш пра тое, як певень за курыцай бегае. Вось гэтая рознасьць ягоная ні ў воднай кнізе яшчэ мне не траплялася. Кнігі складаліся альбо паводле храналягічнага прынцыпу, альбо тэматычнага — пра маму, пра радзіму, пра каханьне, рэлігійныя вершы, якіх некалькі зборнікаў выйшла. А вось паказаць тое, наколькі ён шматгранны, шматбаковы — вось гэта мне падалося вельмі важнай магчымасьцю ў такой кнізе».
Рукапіс двух вершаў Рыгора Барадуліна, перададзены «Свабодзе» ў праграму «Чэрвень з Быкавым»

Рукапіс двух вершаў Рыгора Барадуліна, перададзены «Свабодзе» ў праграму «Чэрвень з Быкавым»


Самому паэту важнасьць новай кнігі бачыцца ў тым, што яе старонкі будуць выглядаць так, як напісаныя аўтарам. У век усеагульнай кампутарызацыі часам ня верыцца, што той ці іншы твор напісаны жывым чалавекам, — кажа спадар Барадулін.

«Я хацеў паказаць, што называецца, жывую руку, першароднасьць матэрыялу, яшчэ з пахам травы і крыніц».

Кніга будзе называцца, як самы сьвежы нататнік Рыгора Барадуліна — «Лепей». Сто рукапісных вершаў, аздобленых малюнкамі дачкі і ўнучкі паэта, дапоўняць сямейныя здымкі, якія раней не друкаваліся.

Выданьне ажыцьцяўляецца на народныя грошы. Мэханізм просты — усе ахвотныя мець новую кнігу могуць даслаць папярэднюю замову на адрас складальніка labadzenka@gmail.com з пазначэньнем свайго імя і прозьвішча, электроннага і паштовага адрасу, тэлефона, колькасьці патрэбных асобнікаў. Па Беларусі кніга высылаецца накладной платай. Увесь прыбытак ад выданьня пойдзе аўтару.
XS
SM
MD
LG