Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Яна піша так, быццам гэта простая справа, на якую здольнае нават дзіця — складаць вершы... Так казалі пра яе крытыкі. А ў дзяцей кепскіх вершаў не бывае. Што ні вазьмі ў Віславы Шымборскай — паўсюль словы зь ня самага тоўстага слоўніка, сьветлая глыбіня і нейкая падазроная чытэльнасьць: ну ня можа быць, каб паэзія другой паловы дваццатага стагодзьдзя так давалася ў рукі, а ня ў знакі, і настолькі не тлуміла, а наадварот, праясьняла галаву. Шымборска не размаўляе з інтэлектуаламі: нават знаходзячыся сярод іх, у іхных цёмных пакоях, яна гаворыць да ўсіх нас — ахвяраў усеагульнай пісьменнасьці.

2 ліпеня 1923 году ў Бніне пад Познаньню яна прыйшла ў гэты сьвет. Сьвет, дзе...

«Не ведаю як дзе,
але тут, на Зямлі, багата ўсяго.
Тут вырабляюць крэслы і смутак,
нажнічкі, скрыпкі, пяшчоту, транзістары,
плаціны, кубачкі, жарты...»


Калі чытаеш яе па-беларуску — так і чуеш нейкія перагукі з Максімам Танкам, у ягоных найлепшых вершах. Нарачанская такая празрыстасьць і менская любоў да рэчаў. Хаця, як і Танк, сваю даніну канфармізму яна аддала — хіба што значна меншую. Цяжка ўявіць сабе, каб кніжка Танка не прайшла цэнзуру (як гэта адбылося зь першым зборнікам Шымборскай), цяжка ўявіць сабе гэтую паэтку ў крэсьле літаратурнага і ня толькі літаратурнага функцыянэра, якім быў па сумяшчальніцтве Танк — але свае вершы пра Сталіна і Леніна яна напісала. Хай сабе і ня шмат і ня столькі пра самі боствы правадыроў, колькі пра іх адлюстраваньні — ды ня так прымітыўна. «Наш галоўны трафэй — мірнае спазнаньне сьвету»... Ад помніка вызваліцеля Польшчы Сталіна да жывога Еці зь яе першай Сапраўднай Кніжкі мінула некалькі гадоў, і гэта быў шлях толькі ўгару і па гарах, гарах новага сэнсу, па самых яго вершалінах. І калі яна адчула, што загаварыла нарэшце сваім голасам — то кінулася ратаваць рэчы, якія засталіся ў спадчыну: ад мёртвасьці і зношанасьці. Ад таго, што дасьледчыца яе творчасьці Клэр Каванах назаве «таталітарызмам погляду». І нават маленькае «дзіця Гітлер» зь яе знакамітага верша магло б не існаваць, бо заўжды прасьцей мець справу з ужо сказаным і ўпакаваным, асабліва — са злом. Яна пранікла ў самы пачатак зла — ня маючы пад рукой ні аналізу, ні анальгіну, толькі простыя словы.

Яна і пісала так мала і рэдка, як можа толькі дзіця. Была коткай, якая гуляе сама па сабе. І калі ўжо вядзецца пра сямейства кашэчых, дык герой яе найлепшага верша пра чалавека — звычайны хатні кот.

«Umrzeć — tego się nie robi kotu.
Bo co ma począć kot
w pustym mieszkaniu.
Wdrapywać się na ściany.
Ocierać między meblami.
Nic niby tu nie zmienione,
a jednak pozamieniane.
Niby nie przesunięte,
a jednak porozsuwane.
I wieczorami lampa już nie świeci.

Słychać kroki na schodach,
ale to nie te.
Ręka, co kładzie rybę na talerzyk,
także nie ta, co kładła...»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG