Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэмэран у Казахстане будзе казаць пра гандаль і катаваньні


Дэвід Кэмэран першы зь дзейных брытанскіх прэм'ер-міністраў прыехаў у Казахстан, дзе сустрэнецца з прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым. Кэмэран заявіў, што падыме пытаньні аб парушэньнях правоў чалавека ў Казахстане.

Брытанскі прэм'ер мае намер гаварыць пра катаваньні і арышты крытыкаў уладаў Казахстана, а таксама пра абмежаваньні свабоды прэсы. Зрэшты, на перамовах перш за ўсё гаворка пойдзе аб эканамічным супрацоўніцтве.

Злучанае Каралеўства зьяўляецца трэцім найбуйнейшым інвэстарам у гэтую багатую нафтай краіну і падчас візыту чакаецца падпісаньне новых кантрактаў, перадае ВВС.

Брытанскага прэм'ера суправаджаюць больш за 30 бізнэсоўцаў. Па выніках перамоў бакі спадзяюцца заключыць кантракты на 700 млн фунтаў (больш за адзін мільярд даляраў).

Дэвід Кэмэран прыбыў у Астану пасьля свайго візыту ў Аўганістан і Пакістан. Брытанія таксама хоча дасягнуць пагадненьня аб перакідцы сваіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі з Аўганістана праз казахстанскую тэрыторыю ў наступным годзе.
Былы прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр аказвае кансальтынгавыя паслугі ўраду Казахстана ў тым, што тычыцца юрыдычных, палітычных і эканамічных рэформаў.

Нурсултан Назарбаеў кіруе Казахстанам яшчэ з савецкіх часоў. Праваабаронцы, аднак, называюць яго дыктатарам.

У адкрытым лісьце Кэмэрану праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заяўляе, што яна вядзе маніторынг парушэньня правоў чалавека ў Казахстане ўжо больш за 15 гадоў і ў апошнія гады сытуацыя працягвае пагаршацца.

Міністар замежных спраў Казахстана Ерлан Ідрысаў, камэнтуючы паведамленьні аб парушэньнях правоў чалавека, заявіў, што Казахстан - "маладая краіна, якая робіць першыя крокі".

"Мы цярпліва тлумачым нашым партнэрам, што на сёньняшні дзень мы не джэфэрсанаўская дэмакратыя, але джэфэрсанаўская дэмакратыя зьяўляецца нашай мэтай".
XS
SM
MD
LG