Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль шакаваны інфармацыяй, што амэрыканскія спэцслужбы маглі праслухоўваць эўрачыноўнікаў


Прадстаўніцтвы органаў Эўрапейскага зьвязу ў Брусэлі, Вашынгтоне і Нью-Ёрку былі аб’ектам сачэньня Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША, піша нямецкі часопіс «Шпігель».

Як адзначае выданьне, у яго распараджэньні апынуўся сакрэтны дакумэнт, перададзены журналістам былым кантрактнікам названага амэрыканскага ведамства Эдвардам Сноўдэнам, якога ў Злучаных Штатах вінавацяць у шпіянажы. Згодна з дакумэнтам, датаванаым 2010 годам, супрацоўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў усталёўвалі ў офісах эўрапейскіх чыноўнікаў жучкі, а таксама мелі доступ да іх электроннай пошты і афіцыйных папераў.

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марцін Шульц у пісьмовым камэнтары адзначыў, што шакаваны інфармацыяй. Паводле яго словаў, калі зьвесткі пацьвердзяцца, то сытуацыя будзе мець «сур’ёзныя наступствы» для адносінаў паміж Эўразьвязам і ЗША.

Амэрыканец Сноўдэн, які нядаўна агучыў сакрэтныя дадзеныя спэцслужбаў ЗША аб праграмах электроннага сачэньня, ужо тыдзень знаходзіцца ў транзытнай зоне маскоўскага аэрапорту Шарамецьцева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG