Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бывае, што прысуд кажа пра тых, хто яго вынес, больш, чым пра самога абвінавачанага. Пачытаеш такое — і праўда міжволі затужыш-замаркоцішся па нейкай ідэальнай дзяржаве:

«...Вярнуць яго ў Таўэр, адтуль цягнуць па зямлі праз усё лёнданскае Сіці ў Тайбэрн, там павесіць яго так, каб ён замучыўся да паўсьмерці, зьняць зь пятлі, пакуль ён яшчэ не памёр, адрэзаць полавыя органы, успароць жывот, вырваць і спаліць вантробы. Затым чвартаваць яго і прыбіць па адной чвэрці цела над чатырма брамамі Сіці, а галаву выставіць на лёнданскім мосьце».

Някепскі тэкст, варты пяра дэ Сада і Уэльбэка ды кінакамэры Пазаліні ў прыдачу, а почыркам падобны да нерэалізаваных фантазіяў Андрэя Чыкацілы. Такі слаўны канец, згодна з пастановай суду, чакаў Томаса Мора, аўтара знакамітай «Утопіі». А пачалося ўсё 1 ліпеня 1535 году ў Судзе каралеўскай лавы ў Вэстмінстэры, дзе мысьляру і будучаму сьвятому, які наважыўся пярэчыць каралю і якога кінулі за гэта ў турму, зачыталі нарэшце, у чым яго абвінавачваюць.

«Кароль і яго спадчыньнікі і наступнікі — адзіныя на зямлі вярхоўныя прадстаўнікі царквы, а адмаўленьне гэтага або любога іншага каралеўскага тытулу ёсьць дзяржаўнай здрадай», — нагадваў абвінаваўчы акт. Вось жа, ці памятае шаноўны сэр Томас Мор, як 7 траўня 1535 году, калі ў яго пыталіся, ці прызнае ён гэтую простую і неаспрэчную ісьціну, ён у адказ «зламысна і злачынна» маўчаў? Больш за тое: ці не забыўся глыбокапаважаны містэр Мор, як ужо празь пяць дзён, 12 траўня, ён выказаўся ў тым духу, што, маўляў, дасі на гэткае простае пытаньне адзін адказ — пагубіш душу, дасі іншы — пагубіш цела. І гэта яшчэ ня ўсё: ці ня вылецела зь дзіравай галавы абвінавачанага Мора, як разам зь біскупам Фішэрам яны не адзін раз паўтаралі, нібы тыя папугаі, што парлямэнцкі акт аб вяршэнстве караля як галавы царквы падобны да двусечнага мяча. Гэта ж трэба так пра манарха і ангельскую дэмакратыю! І апошняе: хіба абвінавачаны Мор запамятаваў, як у пазьнейшай размове з сэрам Рычам ён зноў вёрз лухту наконт таго, што Ягоная Вялікасьць ня можа быць галавой ангельскай царквы? То бок згаданы Мор яшчэ і надзвычай упарты ў сваёй ерасі і, па ўсім відаць, перавыхаваньню не падлягае. Таму — цягнуць, павесіць, успароць, адрэзаць, чвартаваць, можа хоць так нешта дойдзе ў хворую пісьменьніцкую галаву.

«Утопія» — вар’яцкая кніга, якая дагэтуль «у топах»; і сапраўды: яна «настолькі ж карысная, наколькі забаўная», і горад можна пабудаваць, і парк культуры і адпачынку, і канцлягер. У ідэальнай дзяржаве Мора, гэтым Саюзе Савецкіх Утапічных Рэспублік, атэістаў гоняць прэч, існаваць без рабоў ня могуць, «усё вакол калгаснае, усё вакол маё», а караля — караля ніхто не адмяняе. Кароль і праўда патрэбны: хаця б для таго, каб некаторыя тэксты заставаліся проста тэкстамі. На досьвітку 6 ліпеня 1535 году ў камэру дзяржаўнага здрайцы ўваходзіць яго сябра Поп, які паведамляе, што Мора ня будуць рэзаць на кавалачкі, перадумалі: Яго Вялікасьць загадалі замяніць усю гэтую судовую паэзію на празаічнае адсячэньне галавы, што і адбудзецца сёньня а 9 раніцы. «Я дзякую Яго Вялікасьці за іхную міласьць і дабрыню», — спакойна адказвае Мор. Утопія блізка — сто тысяч чалавек, і ўсе пагалоўна ў белых штанах.
XS
SM
MD
LG