Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: «Быкаў працягвае зьдзіўляць сваімі творамі і сваёй… прысутнасьцю»


На жыцьцё Васіля Ўладзімеравіча Быкава выпала шмат выпрабаваньняў. Голадам і холадам у калгасным дзяцінстве, вайной — у юнацтве, непрыняцьцем і незаўважаньнем на пачатку творчасьці, нарэшце, славай і ўзнагародамі, а потым выгнаньнем і эміграцыяй у сталым узросьце. Прайшоў ён і апошняе для кожнага пісьменьніка выпрабаваньне — Часам. Творчасьць ягоная, аповесьці і прыпавесьці, публіцыстыка і інтэрвію і праз 10 гадоў пасьля адыходу ад нас Васіля Ўладзімеравіча ня страцілі сваёй актуальнасьці ды значнасьці. Быкаў і па сёньня нябачна побач з намі і працягвае нас зьдзіўляць сваімі творамі і сваёй… прысутнасьцю.

Барыс Пятровіч ля магілы Васіля Быкава

Барыс Пятровіч ля магілы Васіля Быкава

Чэрвень з Быкавым

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Некалі, у часы перабудовы, беларускіх пісьменьнікаў абвінавачвалі ў тым, што яны не пісалі «ў стол». Васіль Уладзімеравіч абверг гэта сваёй творчасьцю. За гэтыя дзесяць гадоў выйшлі недрукаваныя пры жыцьці Васіля Ўладзімеравіча аповесьці «Аўганец», «Бліндаж», «Атака», дзясяткі апавяданьняў і прыпавесьцяў, шматлікія інтэрвію. Вось апошні прыклад. У інтэрнэце ў сувязі з інтэрвію нямецкаму выданьню Сьвятланы Алексіевіч раптам разгарнулася абмеркаваньне — пісаў Быкаў па-беларуску ці па-расейску? І тут выходзіць чэрвеньскі нумар часопіса «Дзеяслоў», дзе Васіль Уладзімеравіч наўпрост адказвае літаратуразнаўцы з Канады Зінаідзе Гімпелевіч на гэтае пытаньне, здымаючы ўсе сумненьні: «Я заўсёды пішу спачатку па-беларуску, а пасьля перакладаю на расейскую мову».

Пытаньне гэтае ня проста так пэрыядычна паўстае. У Расеі апошнім часам выходзяць дзясяткі кніг Васіля Быкава ў розных сэрыях, кшталту «Русский военный роман», дзе аповесьці Васіля Ўладзімеравіча друкуюцца без пазнакі «пераклад зь беларускай мовы». Творы Васіля Ўладзімеравіча ўваходзяць у расейскія падручнікі побач з творамі расейскіх клясыкаў Пушкіна, Талстога, Шолахава, да якіх аўтаматычна прылічваецца і Быкаў.

Творчасьць Быкава працягвае хваляваць чытачоў ва ўсім сьвеце — апошнім часам зьявіліся пераклады ягоных твораў на ангельскую, нарвэскую, швэдзкую, іўрыт, украінскую, польскую і іншыя мовы. І толькі на радзіме, у роднай Беларусі, імя Быкава замоўчваецца, кнігі практычна не друкуюцца. За дзесяць гадоў так і ня выкананая пастанова Саўміну аб тым, каб назваць імем Быкава вуліцы ў Менску і Горадні, не распачаты дзяржаўным выдавецтвам выпуск Збору твораў, ня выкананы іншыя пункты гэтай пастановы, нават самая элемэнтарная — не ўсталявана мэмарыяльная шыльда на доме ў Менску, дзе жыў Васіль Уладзімеравіч…

Хочацца думаць, што напярэдадні юбілею Быкава — 90-годзьдзя, якое мы будзем адзначаць налета, адказныя чыноўнікі нарэшце зразумеюць, што Быкаў — ня проста ўсясьветна вядомы беларускі пісьменьнік, а наш гонар і сумленьне, і разам з грамадзтвам зробяць усё магчымае дзеля ўшанаваньня памяці вялікага беларуса. Прынамсі, ствараючы музэй-лецішча пад Менскам, не паўтораць тых памылак, што былі пры ўтварэньні дома-музэя на Ўшаччыне…

А Радыё Свабода — вялікі дзякуй за тое, што гэты месяц мы пражылі разам з Васілём Быкавым, зь ягонымі творамі, ягоным мудрым словам, ягоным незабыўным голасам.
XS
SM
MD
LG