Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стамбуле праходзіць 22-я сесія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, падчас якой плянуецца прыняць рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі.

У праекце рэзалюцыі, які разьмешчаны на сайце асамблеі, утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зьняволеных, уключаючы ўмоўна асуджаных і абмежаваных у свабодзе перамяшчэньня асобаў, а таксама забясьпечыць іх поўнае аднаўленьне ў грамадзянскіх і палітычных правах, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, ПА АБСЭ зноў заклікае ўрад дазволіць прадстаўнікам асамблеі наведаць палітвязьняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах.

ПА АБСЭ асуджае абыходжаньне з палітвязьнямі, якія ўтрымліваюцца ў турмах па палітычна матываваных абвінавачаньнях і ў многіх выпадках пазбаўлены права на рэгулярныя сустрэчы са сваімі адвакатамі і сваякамі, а таксама іншае абыходжаньне, што прыніжае годнасьць і роўнае катаваньням.

Рэзалюцыя заклікае беларускі ўрад адмяніць любыя абмежаваньні на перамяшчэньне ўмоўна асуджаных палітвязьняў, уключаючы жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

ПА АБСЭ таксама заклікае афіцыйны Мінск аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія былі пазбаўленыя іх ці вымушаны пад ціскам выйсьці ў адстаўку за абарону прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзкіх актывістаў.

У праекце дакумэнта ўтрымліваецца заклік да ўладаў спыніць ціск і перасьлед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці моладзевых арганізацый і рухаў, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Ураду прапанавана «разгледзець магчымасьць правядзеньня істотных заканадаўчых рэформ з мэтай прывядзеньня законаў краіны ў адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі, уключаючы ліквідацыю няроўнасьці ў разьмеркаваньні ўладных паўнамоцтваў на карысьць выканаўчай улады ў адпаведнасьці з канстытуцыяй краіны 1996 года, надаючы пры гэтым асаблівую ўвагу памяншэньню залежнасьці судовай сыстэмы ад органаў выканаўчай улады».

ПА АБСЭ таксама заклікае адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

У праекце рэзалюцыі выказана шкадаваньне з нагоды абмежаванага супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і многімі інстытутамі АБСЭ, а таксама абмежаванага супрацоўніцтва з рабочай групай ПА АБСЭ па Беларусі, якая не атрымлівала запрашэньняў наведаць краіну.

Як адзначаецца ў дакумэнце, парушэньні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму маюць сыстэмны характар, «пра што наглядна сьведчыць цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады ў руках прэзыдэнта, чые ўказы зьяўляюцца асноўным заканадаўчым мэханізмам у краіне, што падрывае ролю парлямэнта».

ПА АБСЭ заклікае ўлады Беларусі да «выкананьня сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЭ ў адносінах да свабоды сходаў і свабоды выказваньня меркаваньняў і да лібэралізацыі заканадаўства і практыкі шляхам прадстаўленьня грамадзянам права на выказваньне грамадзкага пратэсту як у інтэрнэце, так і па іншых каналах».

У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра неабходнасьць адмяніць усе ўжо вынесеныя ў Беларусі сьмяротныя прысуды і неадкладна прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня.


У працы сэсіі, якая праходзіць з 29 чэрвеня па 3 ліпеня, возьме ўдзел афіцыйная дэлегацыя на чале зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім. У яе складзе таксама старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету рэспублікі Ўладзімер Сянько і сябра камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка.

Парлямэнцкая дэлегацыя мае намер падняць пытаньне аб недапушчальнасьці і контрапрадукцыйнасьці візавых і эканамічных санкцый у дачыненьні да Беларусі, заявіў кіраўнік Савету рэспублікі Анатоль Рубінаў:

«Санкцыі перашкаджаюць нармальнаму разьвіцьцю адносін паміж дзяржавамі і яны неэфэктыўныя. Многія заходнія палітыкі гэта зразумелі і гатовыя да супрацоўніцтва з намі, а мы ў сваю чаргу гатовыя да разьвіцьця адносінаў», — сказаў Рубінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG