Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Алесь Харытон: «Я знайшоў магілу апошняга паўстанца 1863 году»


У цэнтры мястэчка Краснае пад Маладэчнам у падмурку разбуранага саветамі помніка паўстанцам 1863 году ляжаць парэшткі чатырох забітых расейскімі карнікамі каліноўцаў, яшчэ адзін пахаваны на старых каталіцкіх могілках. А ля чыгункі стаіць ягоная хата. Пра гэтыя ды іншыя занядбаныя месцы памяці продкаў — у новым выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды» распавядае красьненскі краязнавец Алесь Харытон.

«Быў у нас тут Ігнат Абрамовіч. Я чуў пра гэтае прозьвішча. Я чуў пра гэтага дзеда, бо ён памёр у 1944 годзе, калі мне ўжо было сем год. Тут і яго сын працаваў на чыгунцы. Потым усе яго родныя зьехалі ў Польшчу. Але я ня ведаў, дзе пахавалі Абрамовіча. Ведаў пра яго, што паўстанец, а больш нічога.

А калі я даведаўся, што ён дажыў да ста пяці год, даведаўся, што яму адмысловую форму польскі ўрад пашыў, што быў у яго нейкі срэбны мэдаль, а на галаве ён насіў канфэдэратку ці нейкую спэцыяльную форменную шапку і данасіў яе так, што празь дзіркі валасы сівыя вылазілі, то вельмі захацеў знайсьці яго магілу.

Пры паляках ён быў ушанаваны. Яго ўнучка, калі вадзіла яго па Красным, дык гаварыла так: «Дарогу, паўстанец ідзе!»

І я знайшоў чалавека, які ведаў, дзе ён пахаваны, і адразу палез у зімовыя гурбы. Губляў валёнкі, але знайшоў гэтую магілку.

З канцлягерамі ў мяне гора. Два было тут канцлягеры, ёсьць недзе ямы ад іх, пахаваньні. Улады ня хочуць шукаць. Ня хо-чуць...

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Пра зьнішчаных габрэяў тут у гета, пра ваеннапалонных забітых ёсьць у мяне зьвесткі. Нічога ня робіцца па ўшанаваньні іх памяці. Няма, маўляў, грошай.

Улады ня любяць краязнаўцаў. От добра ім тут і так. Пакасілі траўку, можна ехаць да возера цудоўнага, а больш нічога ня хочуць. Ваеннапалонныя — гэта ж па-ранейшаму «изменники Родины». Калі я даведаўся, што ў фашыстоўскі палон было ўзята пяць мільёнаў чалавек, то ў галаве гэтай лысай маёй столькі набілася ўсяго, што стала зразумелым, што я некалі верыў у камунізм дарэмна, што я патраціў лепшыя гады, выступаючы на трыбунах... Шкода... Ды што ўжо ўспамінаць той пэрыяд...

Свабода для мяне — гэта нейкае такое душэўнае разьняволеньне, калі я магу думаць вольна. А думаць вольна можна, калі і вакол цябе ўсё свабоднае. І калі гэтыя думкі свабодныя, тады яны неяк трансфармуюцца ў мае ўчынкі, у маю гутарку, у мае паводзіны. Я тады — як рыба ў вадзе. У мяне ляжыць нацыянальны сьцяг, і, можа, калі я яго ўзьніму. Вось тут у мяне свабода. Але навакольле настолькі несвабоднае!.. І яно не ўспрымае мяне як свабоднага чалавека. Гэта мяне бянтэжыць.

Было спачатку вельмі цяжка. Чуў такія выразы: «Да заткнись ты! Да гавары нармальным языком!» От так от ціха, скрозь зубы...

Мяне староняцца. Са мной стараюцца не размаўляць. А калі хочуць паразмаўляць, то не тэлефануюць, а прыходзяць дахаты. У мяне мала тут сяброў, мала аднадумцаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG