Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчне раскалолі камень «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі»


Помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі» ў Маладэчне разбурылі падчас яго чарговага пераносу 28 чэрвеня.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы суполка vk.com/molocity.

Гэты помнік — валун, аздоблены крыжам Эўфрасіньні Полацкай — быў усталяваны 25 красавіка 1993 году ў прысутнасьці некалькіх тысячаў гараджанаў — тады кіраўніком гораду быў Генадзь Карпенка. Спачатку на ім быў яшчэ бел-чырвона-белы сьцяжок, які потым прыбралі.

Сьпярша помнік стаяў у сквэры каля Цэнтральнай плошчы ў Маладэчне. У 2011 годзе яго пераставілі на рог вуліц Машэрава і Вялікага Гасьцінца. Потым яго зноў вырашылі перанесьці — з прычыны будаўніцтва на тэрыторыі парку Перамогі двух валейбольных пляцовак і паркоўкі.

Падчас дэмантажу камень раскалолі.


Маладэчанскі мастак Лявон Цімохін быў адным з ініцыятараў усталяваньня крыжа-помніка рэпрэсаваным беларусам:

«Ажно зь Беламорканалу мы прывезьлі чырвона-белы камень і ўсталявалі яго на цэнтральнай плошчы. Помнік быў асьвечаны сьвятарамі ўсіх канфэсій. Людзі вельмі радасна да яго паставіліся, прыносілі кветкі, каб ушанаваць памяць тых, хто заваяваў нам незалежнасьць, хто так ці інакш пакутаваў за нашу Беларусь.

Але потым час перамяніўся і гэты крыж-помнік пачаў шкодзіць чамусьці пэўным людзям ва ўладзе. Таму падчас „Дажынак“ было вырашана яго перанесьці. Ноччу яго ўзадралі, выкінулі на абочыну і потым усталявалі на скрыжаваньні вуліц Вялікі гасьцінец і Машэрава.

Гэта месца аказалася людным. Таму было вырашана яго куды-небудзь прыбраць. Зачэпкай было тое, што ў парку пачалі рабіць спартыўныя корты і вырашылі рабіць праход насупраць помніка. І ў выніку крыж-помнік апаганілі ў другі раз. Гэта такі вось адказ уладаў на зварот папы рымскага, які заявіў пра салідарнасьць з пакутнікамі ў Беларусі. Гэта не палітыка. А сатанізм».
Лявон Цімохін каля помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі, 2011

Лявон Цімохін каля помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі, 2011


Фрагмэнт перадачы «Падарожжы Свабоды» з Маладзечна, 2008 год.

Маладзечна, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе на Цэнтральнай плошчы стаяць адразу два помнікі цалкам супрацьлеглай «ідэалягічнай» накіраванасьці: узьнесены на гранітны пастамент у атачэнні шэрага асфальту Ленін паглядае на валун, аздоблены клюмбамі з кветкамі, крыжам Эўфрасіньні Полацкай і шыльдай «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі». Пазначаны галубамі, «правадыр сусьветнага пралетарыяту» стаіць тут з пасьляваенных часоў, памяць пакутнікаў ушанавалі 18 гадоў таму.
Як расказаў былы школьны настаўнік гісторыі, тагачасны дэпутат гарсавету Лявон Цімохін, гэты помнік зьявіўся ў Маладзечне дзякуючы намаганьням чатырох чалавек. Праект зрабіў архітэктар Юры Белановіч, мастацкае афармленьне — Сьвятаслаў Палівода, дырэктар заводу ЖБІ Івашкевіч адказваў за тэхнічную частку, а сам Цімохін — за арганізатарскую.
Дабрачынная талака ў Маладэчне – помнік усталёўваецца на падмурак, 1993 год

Дабрачынная талака ў Маладэчне – помнік усталёўваецца на падмурак, 1993 год

Лявон Цімохін: «Івашкевіч прыгнаў экскаватар, вырылі яму і літаральна за гадзіну пад фундамент вылілі больш, чым 30 кубоў бэтону. Застыў гэты бэтон, добрай вельмі маркі быў, і хутка прывезлі камень і паставілі. А Святаслаў Палівода знайшоў старога каваля, які выкаваў крыж Эўфрасіньні Полацкай, які і разьмясьцілі на гэтым помніку і ўмацавалі шыльду, дзе напісана: „Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі“. Усё зрабілі практычна за адзін дзень, а потым ужо паведамілі ўладам».
Кіраваў горадам у той час Генадзь Карпенка. Паводле настаўніка, ён ня толькі станоўча паставіўся да зробленага, але й загадаў правесьці ўрачыстае адкрыцьцё і асьвяціць новы помнік.
Супольны малебен на адкрыцьці служаць ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і праваслаўны сьвятар Іаан Міцько

Супольны малебен на адкрыцьці служаць ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і праваслаўны сьвятар Іаан Міцько

Лявон Цімохін: «Праваслаўны сьвятар, каталіцкія і ўніяцкія сьвятары асьвяцілі гэты помнік. Адбылася сумесная, першая ў гісторыі Беларусі сумесная служба — імша. І помнік быў адкрыты».
Праз пэўны час, калі ўжо не было ў Маладзечне Генадзя Карпенкі, а ў гарсавеце не засталося ніводнага дэмакрата, улады ўсур’ёз ставілі пытаньне аб зносе помніка.
Лявон Цімохін: «Такая ідэя абмяркоўвалася. Але ўрэшце прыйшлі да рашэньня, што ня трэба гэтага рабіць, і толькі папсавалі шыльду: там быў бел-чырвона-белы сьцяжок, і яго пры дапамозе нейкай машынкі сашмаравалі».
Сёньня помнік «Пакутнікам» стаў улюбёным месцам «паломніцтва» маладажонаў. Да яго яны абавязкова ўскладаюць кветкі. Да Леніна ж прыходзяць толькі нешматлікія мясцовыя камуністы і ўлады падчас дзяржаўных і рэвалюцыйных сьвятаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG