Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла законапраект, які ўводзіць адміністратыўную адказнасьць за незаконнае правядзеньне апытаньняў грамадзкай думкі.

Адпаведныя папраўкі ўнесеныя ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях.

За парушэньне парадку правядзеньня апытаньняў грамадзкай думкі будуць караць штрафам да дваццаці базавых велічыняў для фізычнай асобы, да ста базавых велічыняў — для юрыдычнай асобы. Адна базавая велічыня складае 100 тысяч рублёў. За паўторнае парушэньне штрафы большыя.

Цяпер гэты законапраект перададзены на разгляд у Савет Рэспублікі, потым яго павінен падпісаць кіраўнік краіны.

Згодна з навацыяй адміністрацыйная адказнасьць будзе наступаць пры правядзеньні дасьледаваньня грамадзкай думкі па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне і публікацыі яго вынікаў.

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Законапраект істотна абмяжуе магчымасьці зарэгістраваных СМІ публікаваць дадзеныя неакрэдытаваных інстытутаў. Нявызначанасьць фармулёўкі „грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне“ тэарэтычна дазваляе пашырыць гэты від адказнасьці амаль на ўсе сацыялягічныя апытаньні (як рэспубліканскія, так і мясцовыя). Зыходзячы з актуальнага заканадаўства аб распаўсюдзе інфармацыі ў інтэрнэце, правапарушэньнем можа лічыцца і апублікаваньне вынікаў апытаньняў на сайтах дамэннай зоны .by», — заявіў прэс-службе Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі юрыст Юры Чавусаў.

Абмежаваньні на свабоднае правядзеньне сацыялягічных апытаньняў (апытаньняў грамадзкай думкі) у Беларусі ўпершыню былі ўведзеныя 31 траўня 2002 году, пасьля прыняцьця ўрадавай пастановы № 707 «Аб Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Гэтая камісія займаецца акрэдытацыяй суб’ектаў, якія праводзяць апытаньні грамадзкай думкі па выбарчых і іншых палітычных пытаньнях. Такой акрэдытацыі не атрымалі аўтарытэтныя сацыялягічныя ўстановы НОВАК і НІСЭПД, таму ім забараняецца праводзіць апытаньні, датычныя выбараў, рэйтынгаў палітыкаў ды палітычных партыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG