Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальны перасьлед Сурапіна і Башарымава спынілі


Антон Сурапін

Антон Сурапін

Паводле кіраўніка прэсавай службы КДБ Артура Стрэха, «крымінальны перасьлед адносна Антона Сурапіна і Сяргея Башарымавы спынены», перадаў Інтэрфакс.

«Адносна Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава былі праведзеныя ўсе неабходныя сьледчыя дзеяньні, па выніках якіх крымінальны перасьлед гэтых асобаў матывавана спынены», — сказаў Артур Стрэх.

Таксама Артур Стрэх паведаміў, што Сурапін і Башарымаў праінфармаваныя пра гэтае рашэньне.

Антон Сурапін: Амаль год мяне трымалі ў закладніках


Фотажурналіста Антона Сурапіна навіна пра зьняцьце зь яго крымінальнага абвінавачваньня засьпела на здымках у Мірскім замку.

«Ужо звоняць сябры і віншуюць. Вядома, я вельмі рады, што нарэшце гэта завершана і зьявілася такая інфармацыя КДБ, пасьля якой людзі ведаюць, што зь мяне зьнятыя абвінавачаньні. Амаль год я быў у стане, падобным да закладніка. Мне нічога не казалі, на допыты не выклікалі, але дзейнічала падпіска пра нявыезд і пра неразгалошваньне. Так, гэта можна параўнаць з закладнікам, і таму я вельмі рады, што гэта ўсё скончылася».

Антон Сурапін выказаў задавальненьне, што ўсе абвінавачаньні зьнятыя і зь Сяргея Башарымава.

«Хоць я і ня ведаў дакладна, у чым яго падазравалі, але вельмі рады, што і адносна яго справядлівасьць перамагла».

Справа пра «плюшавы дэсант» спыненая зусім ці толькі скончылася расьсьледаваньне? Антон Сурапін не бярэцца адказваць на гэтае пытаньне.

«Магчыма, цалкам закрылі, магчыма, цалкам прыпынілі. Быў жа суд над памежнікам, якога пакаралі за тое, што не паведаміў начальству пра швэдзкі самалёт. Таму, спадзяюся, больш нікога судзіць ня будуць. Але хто ведае, што можа зьявіцца ў галовах гэтых сьледчых ці іх начальства?»
XS
SM
MD
LG