Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыве Беларусь!» — узнагарода за «Найлепшы сцэнар» на Брусэльскім кінафэстывалі


«Гэта ўзнагарода нагадае эўрапейцам пра Беларусь. Тое, што адбываецца там — не ўнутраная праблема Беларусі, гэта пытаньне незалежнасьці краіны», — заявіў Кшыштаф Лукашэвіч на цырымоніі ўганараваньня 26 чэрвеня ў Брусэлі.

Фільм Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь!» атрымаў прэстыжную ўзнагароду на кінафэстывалі ў Брусэлі.

«Гэта ўзнагарода нагадае эўрапейцам пра Беларусь. Тое, што адбываецца там — не ўнутраная праблема Беларусі, гэта пытаньне незалежнасьці краіны», — заявіў Кшыштаф Лукашэвіч на цырымоніі ўганараваньня 26 чэрвеня ў Брусэлі.

Паводле журы, «Жыве Беларусь!» быў адным з двух кандыдатаў-фіналістаў на грын-пры — Le Golden Iris Award і 10 тысяч эўра, які ў выніку атрымала француска-нямецкая стужка «Michael Kohlhaas» рэжысэра Арно Дэ Пальер, якая сярод іншага, была намінантам сёлетняга Канскага кінафэстывалю.

Акрамя ўзнагароды за найлепшы сцэнар, аўтары «Жыве Беларусь!» уганараваны прэміяй у памеры 2000 эўра ад дзьвюх буйных асацыяцыяў — ASA (Франкафоннай Бэльгійскай асацыяцыі сцэнарыстаў) і SABAM (Бэльгійская асацыяцыя аўтараў, кампазытараў і выдаўцоў).

Кшыштаф Лукашэвіч падчас здымкаў фільму
Кшыштаф Лукашэвіч падчас здымкаў фільму
Кшыштаф Лукашэвіч у інтэрвію Радыё Свабода заявіў:

«Мы да канца змагаліся за галоўную ўзнагароду. Сябры журы былі вельмі прыязныя, пры ўручэньні яны адзначылі, што сцэнар вельмі вельмі дакладна прапісаны, матывацыя, сюжэт, гісторыя, што фільм цэласны. Файна, што ў сталіцы аб’яднанай Эўропы ацанілі гэты фільм. Калі я прамаўляў, я сказаў, што цяпер у Эўропе забываюць пра беларускую апазыцыю, што памылкова спрабуюць дамаўляцца з рэжымам. Але праблема Беларусі — гэта ня ўнутрыпалітычная справа, гэта пытаньне незалежнасьці краіны, якая цяпер пад пагрозай. Я заўжды пра гэта кажу».

Паводле рэжысэра, гэтая важная ўзнагарода фільму нагадае эўрапейцам пра сытуацыю вакол Беларусі і беларускай апазыцыі.

«Удзел фільму ў фэстывалі такога ўзроўню ўжо нагадвае пра беларускую справу. Гэта ўзнагарода ўсім беларускім творцам, якія не вагаліся і не баяліся паўдзельнічаць у фільме, такім чынам прадэманстравалі сваю грамадзянскую пазыцыю. Для іх гэта быў крок супраціву. Думаю, гэтая ўзнагарода прызначаецца найперш акторам фільму і аўтару музыкі Лявону Вольскаму. Дарэчы, журы асабліва адзначыла актораў Вінсэнта і Алеся Малчанава. Не маглі паверыць, што Вінсэнт — не прафэсійны актор», — заявіў Кшыштаф Лукашэвіч.

Усе узнагароды фэстывалю:

Найлепшы фільм: MICHAEL KOHLHAAS d’ Arnaud des Pallières
Найлепшы сцэнар: VIVA BELARUS de Krzysztof Łukaszewicz
Найлепшы першы фільм: SHELL de Scott Graham
Адмысловы прыз журы: CAMILLE CLAUDEL 1915 de Bruno Dumont
Le Prix du STUDIO L’EQUIPE: MIELE de Valeria Golino
Найлепшая апэратарская праца MICHAEL KOHLHAAS de Arnaud des Pallières (France/Germany) і JIN de Reha Erdem
Прыз Cineuropa: MICHAEL KOHLHAAS

Кінастужка «Жыве Беларусь!» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча пабудаваная на рэальных падзеях 2009-2010 гадоў. Гэта першы мастацкі фільм па-беларуску пра сучасную Беларусь. Сцэнар напісаны Кшыштафам Лукашэвічам і Францішкам Вячоркам. У фільме зьняліся рэпэр Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандар Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.

Брусэльскі кінафэстываль заснаваны ў 1974 годзе. Да конкурснай часткі прымаюцца фільмы з краінаў Эўропы. На фэстываль былі пададзеныя амаль тысяча стужак з розных краінаў. Зь іх адабраныя 12 фільмаў, у тым ліку два намінанты сёлетняга Канскага кінафэстывалю і пераможцы іншых эўрапейскіх кінафэстываляў.

Фільм «Жыве Беларусь» раней быў паказаны ў конкурснай частцы Міжнароднага кінафэстывалю ў Празе (FEBIOFEST) і Міжнароднага кінафэстывалю ў партугальскім Сэтубале (Festroia). Фільм таксама закваліфікаваны ў конкурс фэстывалю ў польскім Сопаце.

Фільм быў таксама паказаны ў Францыі, Швэцыі, Нямеччыне, Польшчы і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG