Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валяціну Аліневіч звальняюць

абноўлена

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч

«Я афіцыйна папярэджана, што на наступны навучальны год са мной не будзе заключаны кантракт. Не магу сказаць, што ўжо вельмі засмучаная. Сістэма адукацыі ў краіне такая, што працаваць на ідэалогію, а ня веды і прафесійны і навуковы рост студэнтаў, становіцца ўсё цяжэй і цяжэй», — напісала Валянціна Аліневіч на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.

«Я зразумела, што за мной пастаянна сочаць, яшчэ з пачатку навучальнага году. Я ведала, што наконт мяне да кіраўніцтва прыходзяць са спэцслужбаў і мною вельмі цікавяцца, і аддаюць загады наконт таго, каб мне ўсчыняліся шматлікія праверкі. Затым у сярэдзіне траўня гэтага году сытуацыя вакол мяне ва ўнівэрсытэце пачала моцна накаляцца. Як я разумею, загад наконт спыненьня працоўных адносінаў прыйшоў зьверху, таму што раней ніякіх праблем не ўзьнікала. Гэта быў такі загад, які немагчыма ня выканаць. Мне кіраўніцтва ўнівэрсытэту адкрыта казала, што яны не гаспадары сытуацыі, а толькі наёмныя супрацоўнікі. Не хавалі, што гэта выключна палітычныя матывы», —- заявіла Аліневіч Радыё Свабода.

Дэкан факультэту: У Аліневіч былі парушэньні працоўнай дысцыпліны


Валянціна Сімховіч — дэкан факультэту мэнэджмэнту БГЭУ, дзе працуе маці палітвязьня Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч — сказала Свабодзе, што да Валянціны Аліневіч былі прэтэнзіі па працы.

«Былі, вядома. Парушэньні працоўнай дысцыпліны. Гэта ўсё, што магу сказаць».

Камэнтаваць зьвесткі Валянціны Аліневіч пра тое, што яе звальняюць з працы пасьля прычэпак і ціску, Валянціна Сімховіч адмовілася.

«Усе гэтыя пытаньні пра тое, быў ціск ці ня быў... Зьвяртайцеся да майго кіраўніцтва. Калі яно дасьць распараджэньне, я буду размаўляць, камэнтаваць», — сказала Валянціна Сімховіч.

Тэлефон прарэктара БГЭУ, які адказвае за кадравыя пытаньні, маўчыць.



Аліневіч: бычылі ўва мне выклік сыстэме


Валянціна Аліневіч лічыць, што кіраўніцтва ўнівэрсытэту звольніла яе не за нейкія недахопы ў працы: «Проста бычылі ўва мне выклік сыстэме. Нягледзячы на тое, што на працы я ніколі пра паліытку не гаварыла і студэнтаў да рэвалюцыі не заклікала. Па працы ніколі да мяне не было заўвагаў. »
«Зарплата ў дацэнта, кандыдата эканамічных навук з максімальным стажам складае ўсяго 3,5 — 4 млн.бел.руб. Гэта на ўзроўні прыбіральшчыцы ў метро ці Кароне», — адзначае Аліневіч ў Facebook.

«Але праца мяне ратавала, дапамагала мне выстаяць. Агідны сітуацыі складаецца ў тым, што апошнія паўтара месяца супраць мяне пачалося сапраўднае цкаваньне. Прычым маё вышэйшае кіраўніцтва, цалкам адкрыта заяўляла, што паступіў загад вышэй, што аналізуецца і ўважліва чытаецца ўсё, што публікуецца на сайтах і ў друку (бачыце, якім вы карыстаецеся посьпехам) і тое, што ў іх саміх да мяне прэтэнзій да маёй працы няма»

Далей Аліневіч піша: «Пачалося з ультыматуму: або мая пазыцыя ў дачыненьні да майго сына ці праца. Выбар быў такі недарэчны, што я засьмяялася ў твар. Затым былі спробы ўжо з боку рэктара БДЭУ Шымава В.М. мірна „разруліць“ сітуацыю. У рэшце рэшт пачаліся ўжо сур’ёзныя вайсковыя дзеяньні з боку дэкана факультэта менеджменту Сімховіч, кіраўніка цэнтра кадравай і прававой палітыкі Лагута».

«Працаваць не давалі, прыходзілі прама ў студэнцкія аўдыторыі, не саромеючыся нікога. Сітуацыя да сьмешнага нагадвала сітуацыю з маім сынам — і дакаралі, і хвалілі, і ўвесь час патрабавалі нешта падпісаць: нейкія тлумачальныя, акты, потым спрабавалі абвясьціць мяне злосным парушальнікам і ў рэшце рэшт абвясьцілі пра звальненьне».

«Я б ужо даўно звольнілася сама, але мне хацелася, каб людзі, якія вырашаюць, як ім здаецца, мой лёс самі ўзялі на сябе маральную адказнасьць за тое, што адбываецца. У іх таксама ёсьць маці, жонкі, дзеці, унукі. Што яны будуць думаць пра тых людзей, якія паднялі руку на самае сьвятое, на Маці! Некаторыя казалі, што гэта — чыста тэхнічнае рашэньне, іншыя — што ім загадалі і яны не маглі не выканаць загад. Гэта ўжо было ў гісторыі. Ці не праўда? Ну што ж жыцьцё расставіць усё на свае месцы. Цяпер ім жыць са сваім маральным выбарам. А людзі ў чорных масках, якія дыктавалі свае ўмовы убеленным сівізной прафесарам і дацэнтам, зноў засталіся за кадрам».

Даведка Свабоды


28 лістапада 2010 года Ігар Аліневіч быў гвалтоўна выкрадзены беларускімі спэцслужбамі ў Маскве і зьмешчаны ў турму КДБ.

Асуджаны 27 траўня 2011 году па справе анархістаў разам зь Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам. Быў пакараны 8 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ён быў зьвінавачаны паводле часткі 2 артыкула 339 КК РБ (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў) і частак 2 і 3 артыкула 218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў асабліва буйным памеры).

Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі г. Наваполацку (Віцебская вобласьць).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG