Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію Вацлава Гаўла


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Больш за 30 няўрадавых арганізацыяў Польшчы вылучылі Алеся Бяляцкага на прэмію Вацлава Гаўла ў галіне абароны правоў чалавека.

З такой ініцыятываю выступіў польскі фонд Стэфана Баторыя. Пра гэта паведамляе тэлеканал Белсат.

Узнагарода Вацлава Гаўла ў галіне абароны правоў чалавека прысуджаецца штогод Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы разам з Бібліятэкай Вацлава Гавэла і фондам «Charta 77».

Упершыню было абвешчана пра прэмію 25 сакавіка ў Празе падчас цырымоніі падпісаньня дакумэнтаў аб супрацы паміж прэзыдэнтам ПАРЭ Жанам-Клёдам Міннёнам, дырэктаркай Бібліятэкі Вацлава Гаўла Мартай Смолікавай і старшынём кіроўнага камітэту фонду «Charta 77» Францішкам Янохам. На цырымоніі прысутнічаў таксама міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг.

Намінаваць на прэстыжную прэмію могуць асобы або няўрадавыя арганізацыі, якія працуюць у сфэры абароны правоў чалавека. Заяўкі з рэкамэндацыямі прынамсі пяці няўрадавых арганізацыяў мусяць быць накіраваныя генэральнаму сакратару Парлямэнцкай асамблеі да 30 чэрвеня.

Імя пераможцы абвесьцяць у канцы верасьня. Цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 30 верасьня ў Страсбуры на адкрыцьці восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ляўрэат атрымае дыплём, статуэтку і 60 тысяч эўра.

Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы, вылучыў сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру нарвескі дэпутат Ян Санэр.

За апошні год Алеся Бяляцкага, неаднаразова ўганаравалі за барацьбу за справядлівасьць і правы чалавека: узнагародай імя Пэтры Келі і ўзнагародай Леха Валэнсы. Кіраўнік «Вясны» таксама стаў адным зь ляўрэатаў прэміі парталу «Хартыя’97» за выбітныя дасягненьні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.
XS
SM
MD
LG