Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у фінале конкурсу Google Science Fair

абноўлена

Яўген Павелка
Яўген Павелка

Яўген Павелка, 16-гадовы школьнік з Магілёва, выйшаў у фінал навуковага онлайн-конкурсу Google Science Fair і змагаўся за галоўны прыз — 50 тысяч даляраў.

На конкурс ён прадставіў праект «Узьдзеяньне электрычным токам на расьліны як спосаб падвышэньня ўраджайнасьці».

Яўген — адзін з 15 падлеткаў з розных краін, чые дасьледаваньні журы палічыла вартымі ўганараваньня. Яго адабралі з 90 рэгіянальных фіналістаў. З 12 краінаў, якія выйшлі ў фінал, чатырма праектамі прадстаўлена Індыя.

Ідэі падлеткам прыходзяць самыя розныя.

16-гадовая турчанка Эліф Більгін прапанавала выкарыстоўваць бананавую скурку як замяняльнік традыцыйных нафтапрадуктаў пры вытворчасьці плястыку. Такі біяплястык прыдатны для касмэтычных пратэзаў і электраізаляцыі кабэляў. Менавіта яна і стала пераможцай і атрымае галоўны прыз -- 50 тысяч даляраў.

Трынаццацігадовая амэрыканка стварыла адмысловую мову рухаў, якая дапамагае сьляпым наўпрост камунікаваць з глухімі.

17-гадовы індыйскі падлетак прапануе ўсталёўваць у дарожнае пакрыцьцё адмысловыя п’езаэлектронныя капсулы. Дзякуючы руху аўтамабіляў, на яго думку, будзе выпрацоўвацца дадатковая электрычная энэргія.

Беларус Яўген Павелка зацікавіўся, як электрычнасьць уплывае на рост расьлін.

«Спачатку мне было цікава даведацца, як электрычны ток узьдзейнічае на расьліны, а пасьля я зразумеў, што гэта можа дапамагчы разьвязаць шмат якія праблемы», — апавядае Яўген.

«Экспэрымэнты праводзіў на гаўбцы, — кажа Яўген. — Гэта было самае адпаведнае месца. У мяне там сапраўдная лябараторыя. Дый іншай магчымасьці не было, бо на вуліцы была зіма».

Каб давесьці сваю рацыю, хлопец назіраў, зь якой хуткасьцю прарошчваецца насеньне фасолі, радыскі і крэс-салаты пад узьдзеяньнем электрычнага току і безь яго.

«Я высадзіў насеньне ў грунт, і як толькі зьявіліся парасткі, стаў узьдзейнічаць токам, — тлумачыць Павелка, — а пасьля назіраў, што зь імі адбываецца, і параўноўваў з тымі, якія расьлі проста так, «бяз току».

Рыхтуючы праект, давялося перачытаць стосы кніг, процьму артыкулаў і задаць шмат пытаньняў школьным настаўнікам. «За што ім вялікі дзякуй, — заключае Яўген. Інфармацыі не хапала, таму шмат чаго шукаў у інтэрнэце.

Пакуль Яўген ня ўяўляе, як ажыцьцявіць сваю ідэю ў Беларусі. «Нават ня ведаю, з чаго пачаць, — прызнаецца хлопец. — Але бліжэйшым часам я хачу зрабіць гатовую сыстэму, якую змогуць выкарыстоўваць фэрмэры для вырошчваньня садавіны і гародніны».
Біялёгія мяне цікавіць, бо гэта навука пра самае загадкавае — усё жывое

Хлопец толькі скончыў 9 клясаў і тыдзень таму паступіў у ліцэй пры Беларуска-расейскім унівэрсытэце ў Магілёве. Будзе вучыцца на хіміка-біялягічным аддзяленьні. «Біялёгія мяне цікавіць, бо гэта навука пра самае загадкавае — усё жывое, — кажа Яўген. — Нават цяпер у біялёгіі шмат чаго не вядома». Пакуль плянуе і вышэйшую адукацыю атрымаць у Беларусі.

Конкурс Google Science Fair быў распачаты ў 2011 годзе. Яго падтрымліваюць сам Google, а таксама такія кампаніі, як Lego, CERN, выданьні National Geographic і Scientific American.

У мінулым годзе перамагла праца двух чатырнаццацігадовых падлеткаў са Свазылэнду. Іх таксама непакоіла малая ўраджайнасьць і недахоп ежы. З дапамогай свайго школьнага настаўніка яны распрацавалі ўнікальны гідрапанічны мэтад вырошчваньня расьлінаў у рошчыне курынага памёту. Праўда, самі хлопчыкі прызнаюць, што для бедных сялянаў такі мэтад занадта дарагі. Бацькі аднаго з хлопчыкаў якраз займаюцца сельскай гаспадаркай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG