Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень суду над Андрэем Гайдуковым


Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», прысуд абвінавачанаму ў «здрадзе дзяржаве» Андрэю Гайдукову будзе абвешчаны ў панядзелак, 1 ліпеня.

Паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, ніякіх падрабязнасьцяў пра яго не вядома.

27 чэрвеня адбылося 8-е судовае пасяджэньне ў працэсе, дзе судзьдзя Галіна Ўрбановіч за зачыненымі дзьвярыма разьбірае крымінальную справу супраць 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану». Перад пачаткам у суд наведалася Тацяна Севярынец:

«Каб даведацца, што там, пайшла ў абласны суд. А ў самім судзе на дошцы аб’яваў, да якой мяне ветліва прапусьцілі, было напісана, што працэс будзе толькі сёньня, 27-га чэрвеня. Па-другое, ніяк не зьмяніліся артыкулы абвінавачаньня — напісаны ранейшыя частка 1 артыкула 14 — „Замах на злачынства“ і частка 1 артыкула 356 — „Здрада дзяржаве“. Ну, але перакваліфікацыя, верагодна, магчымая ўжо перад вынясеньнем выраку».

Пра тое, што ў дачыненьні да Андрэя Гайдукова могуць зьмяніць артыкул, паводле якога хлопца вінавацілі адпачатку, заявіў 19 чэрвеня старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык.

Маці Андрэя Гайдукова таксама нічога ня ведае пра зьмены ў абвінавачаньні ці нейкія іншыя падрабязнасьці працэсу. 20 чэрвеня яна выступала ў судзе як сьведка і ўпершыню ўбачыла сына за мінулыя 8 месяцаў, што яго трымалі ў менскім СІЗА КДБ і віцебскім СІЗА. Пра сутнасьць справы Вольга Гайдукова нічога дакладнага сказаць ня можа. Адвакаты пад падпіскай аб неразгалошваньні могуць паведаміць ёй хіба толькі пра стан здароўя і настрой сына:

«Са здароўем нармальна, не хварэе. І дзякуй Богу! А больш — хто мне што скажа? Нармальны настрой. Ці бадзёры? Цяжка сказаць. Які там можа быць бадзёры настрой. Нармальны. І ўсё. Нічога новага, усё па-старому, трымаецца. Ну, лістоў не было пакуль. 18-ты быў апошні ліст, а больш не было. І ўвогуле — да заканчэньня суду, калі нічога ня ведаеш, то пра што казаць? Калі нічога ня кажуць, нічога ня ведаеш, то што тут казаць, што абмяркоўваць?»

Вольга Гайдукова ня верыць, што сын мог займацца шпіянажам, і сябры ня вераць, што ён «здраднік» і «шпіён». Ціск з боку КДБ яны тлумачаць апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць у Наваполацку міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».

Паводле афіцыйнага паведамленьня прэсавай службы КДБ, Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада 2012 году ў Віцебску «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы». Калі віцебскі абласны суд падтрымае абвінавачаньне, высунутае супраць Андрэя Гайдукова, і высновы сьледчай групы зь віцебскай абласной управы КДБ на чале з Алегам Барысевічам, то паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG