Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: дружная падтрымка страйку


Belarus – national-wide strike of outdoor vendors. Homyel 27jun2013

Belarus – national-wide strike of outdoor vendors. Homyel 27jun2013

27 чэрвеня ўсе буйныя рэчавыя рынкі Гомеля — Цэнтральны, Прудкоўскі, Давыдаўскі, Прывакзальны — падтрымалі агульнанацыянальны папераджальны страйк прадпрымальнікаў.

На Прудкоўскім рынку цэлыя галерэі ралетаў сёньня спрэс пад замком. А палове на дзясятую раніцы многія прадпрымальнікі сабраліся ля цэнтральнага ўваходу, каб засьведчыць сваю салідарнасьць і абмяняцца апошнімі навінамі.

Гаворыць прадпрымальніца Сьвятлана:

«Мы сёньня вырашылі не працаваць, выказаць свой пратэст супраць нераўнапраўнага стаўленьня да нашых прадпрымальнікаў, да дробнага бізнэсу».

Суразмоўніца кажа, што гандляры ня супраць сэртыфікатаў на якасьць тавараў лёгкай прамысловасьці. Але цяпер іх проста няма дзе ўзяць, бо ў той жа Расеі, якая таксама ў Мытным зьвязе і дзе бальшыня гомельскіх прадпрымальнікаў закупляе тавар, аптавікі не даюць патрэбных дакумэнтаў:

«Нідзе ў Расеі гэтага няма. Яны ня робяць сэртыфікатаў. Яны глядзяць на нас шырокімі вачыма і кажуць: „Нам гэтага ня трэба“. А ў нас — трэба. І вырабляць сэртыфікаты мы мусім па велізарных коштах. 60 найменьняў рэчаў значыцца ў рэестры Мытнага зьвязу. Мы ж нібыта раўнапраўныя чальцы гэтага зьвязу. І калі нейкія ўмовы вылучаны, то яны павінны тычыцца трох краінаў — і Казахстану, і Расеі, і нас, беларусаў. Атрымліваецца, што там сэртыфікатаў пакуль ня трэба, а мы павінны выконваць».

Дробныя бізнэсоўцы зьвяртаюць увагу й на тое, што на атрыманьне сэртыфікату ідзе каля двух месяцаў. Сэзонны тавар праз такі час, па сутнасьці, нікому ўжо не патрэбны. Апрача таго, у суседняй дзяржаве не трасуць прадпрымальнікаў шматлікімі праверкамі. У Беларусі — ледзь ня кожны дзень. І з проста-такі астранамічнымі штрафамі і канфіскацыяй тавараў.

На «Прудкоўскім» рынку толькі асобныя рэалізатары сёньня не страйкавалі, адчынілі свае ралеты, каб распачаць гандаль. У іх ліку й спадарыня Людміла:
Будзем выконваць усё, што прыдумаюць. Ну, а што рабіць?

«Лічым, што гэта бессэнсоўна. Будзем выконваць усё, што прыдумаюць. Ну, а што рабіць? Дзяржаве ж відней».

Шмат хто са страйкоўцаў, у прыватнасьці, з Прывакзальнага рынку, лічыць: уводзячы сэртыфікацыю перш за іншыя краіны Мытнага зьвязу, беларускае кіраўніцтва хоча паправіць складанае фінансавае становішча дзяржавы, абцяжаранае да таго ж неабходнасьцю сплачваць замежныя крэдыты:

«Мы разумеем, што ў Беларусі грошай няма. Крэдытаў у нас ажно 32 мільярды даляраў — іх трэба аддаваць. Але мы ня ў сілах выцягнуць крэдыты, мы проста ня ў сілах».

Прадпрымальніца Натальля з таго ж Прывакзальнага рынку кажа, што калі ня вырашыцца станоўча справа з сэртыфікацыяй, то асабіста яна ня будзе сядзець склаўшы рукі:

«Калі ў нашай краіне здарыўся дэфолт, я зьехала ў Расею й выдатна там працавала. Што-небудзь я вырашу для сябе й зараз — ня буду сядзець галодная».

XS
SM
MD
LG