Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы могуць зьвяртацца ў амбасаду Ізраілю толькі па пытаньнях жыцьця і сьмерці


З 24 чэрвеня амбасада Ізраілю ў Беларусі больш не аказвае консульскія паслугі. З-за малых заробкаў страйкуюць амбасады Ізраілю па ўсім сьвеце.

«Па сутнасьці, гэта ня страйк, а працоўны канфлікт. Пачаўся ён тры месяцы таму назад у сувязі з тым, што прафсаюз супрацоўнікаў МЗС Ізраілю спрабуе дабіцца павелічэньня заробкаў і паляпшэньня ўмоваў службы ізраільскіх дыпляматаў у замежжы і структурных зьменаў у міністэрстве. Аднак Міністэрства фінансаў Ізраілю да гэтага часу не зрабіла аніякіх захадаў, каб задаволіць патрабаваньні, — паведаміла Свабодзе прэсавы сакратар амбасады Ізраілю Вольга Дзьмітровіч. — Таму з гэтага панядзелка прафсаюз супрацоўнікаў перайшоў да больш рашучых дзеяньняў. У амбасадах па ўсім сьвеце прыпынена аказаньне консульскіх паслугаў. Выключэньне — гэта экстраныя выпадкі, зьвязаныя, напрыклад, са сьмерцю ці неабходнасьцю паездкі на апэрацыю ў Ізраіль. Такія выпадкі разглядаюцца ў экстраным рэжыме».

Тыя, хто падаў свае дакумэнты на візу да 24 чэрвеня, змогуць забраць свае дакумэнты назад.

«Супрацоўнікі консульскага аддзелу папярэдзілі такіх людзей пра працоўны канфлікт і прапанавалі дакумэнты забраць, каб не атрымалася, што людзі на нейкі час засталіся без пашпартоў», — сказала Вольга Дзьмітровіч.

Колькі працягнецца страйк — невядома. Па словах супрацоўнікаў амбасады, сытуацыя дынамічная і кожны дзень можа прынесьці зьмены.

«Як толькі будзе рэакцыя з боку Міністэрства фінансаў, то ўсё будзе працаваць як мае быць», — сказала Вольга Дзьмітровіч.
XS
SM
MD
LG