Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Па начах яны зьбіраліся на сараеўскіх могілках: Даніла Іліч, Мішка Ёванавіч, Вэлька Чубрылавіч... Часта бывалі там Трыфка Грабеж, Гаўрыла Прынцып, Нядзелька Чабрынавіч, завітваў літаратар Уладзімір Гачынавіч. Сядзелі на магіле Богдана Жэраіча, таго самага, які ў 1910 страляў у аўстрыйскага губэрнатара Босьніі і прамазаў з трох мэтраў — затое пасьля гэтага не прамахнуўся, стрэліўшы ў сябе^; гаварылі наўмысна грубымі, хрыпатымі галасамі, сьціскалі кулакі, уяўлялі, як празь ненавісныя мундзіры праступае цёмная варожая кроў. Пілі віно. Кашлялі. Месяц асьвятляў нездаровыя, бледныя твары. Слухалі, што напісаў Гачынавіч.

«...Крв jе потекла валовима, на његовим jе уснама лутала велика реч: Српско ослобођење! Смртни грчеви ломе веђ изваљено тело, он се напреже и подрхтава у бласловеном болу и оставља последње лабудове речи: «Своjу освету остављам српству!...»

Гачынавіч вагаўся. Забойства як акт яго адначасна палохала і вабіла. Гаўрыла Прынцып глядзеў на яго з подзівам: як можна пісаць такое, узьнёслае, мужнае — і сумнявацца?..

Яны чакалі, калі надарыцца магчымасьць. І яна надарылася хутчэй, чым можна было сабе ўявіць.

28 чэрвеня 1914 году раніцай аўстрыйскі эрцгерцаг Франц Фэрдынанд з жонкай Сафіяй прыехалі ў Сараева зь візытам да генэрала Патыёрэка. На шасьці машынах шаноўнае панства нясьпешна пракацілася па сараеўскіх вуліцах. Перад гэтым Патыёрэк атрымаў ад шэфа сараеўскай паліцыі рапарт пра тое, што забясьпечыць ахову картэжу будзе праблематычна: у распараджэньні ягонай службы толькі 30-40 чалавек, а дарога досыць доўгая — «прашу выдзеліць у падмогу вайскоўцаў». Патыёрэк не надаў гэтаму ўвагі.

Першую машыну займалі бургамістар Сараева эфэндзі Фэхім Чурчыч і шэф паліцыі. Эрцгерцаг з жонкай і генэралам ехалі ў другім аўто. Неўзабаве яны прамінулі натоўп, у якім стаяў непрыкметны чалавек на імя Мэхмэдбашыч, адзін са змоўнікаў — але бомбу той ня кінуў: не пазнаў эрцгерцага. Потым картэж праяжджае міма Васа Чубрылавіча і Цвэтка Попавіча: і таксама ніхто зь іх не наважваецца на замах: першаму раптам робіцца шкада герцагіню, другому — сябе.

А вось бомба, кінутая празь нейкі час Нядзелькам Чабрынавічам, трапіла ва ўзнятую руку Франца Фэрдынанда, адскочыла, пераляцела цераз апушчаны ззаду складны дах і ўпала акурат за другой машынай — кіроўца наступнага аўтамабіля ўткнуўся ў стырно, забіты на месцы, былі параненыя паліцыянт і мінакі. Эрцгерцаг едзе ў ратушу, выступае там, удаючы, што ўсё ў парадку — ён спрабуе ўсьміхнуцца, калі яму кажуць, што трэба як мага хутчэй ехаць у рэзыдэнцыю, але Патыёрэк апярэджвае яго і накідваецца на палахліўцаў: «Па-вашаму, Сараева бітма набітае тэрарыстамі?» Машына з эрцгерцагам едзе далей — але, насуперак пляну, не зьмяніўшы першапачатковага маршруту.

Толькі каля Лацінскага моста празь Міляцку кіроўцу камандуюць разьвярнуцца. На нейкі час машына спыняецца. Гаўрыла Прынцып, які ў нейкім здранцьвеньні сядзіць у вулічнай кавярні, раптам агаломшана заўважае, што на другім баку вуліцы стаіць аўтамабіль з Францам Фэрдынандам. Ён шпарка перасякае вуліцу, набліжаецца да машыны — ніхто не спрабуе яго затрымаць. Прынцып робіць два стрэлы з браўнінга: і першы накіраваны ў Патыёрэка. Куля, прызначаная генэралу, трапляе ў ніжнюю частку цела герцагіні, прабіўшы там усё, што можна — яшчэ ў машыне яна памрэ ад унутранага кровацячэньня. «Sopherl, Sopherl, stirb nicht, bleib am Leben für unsere Kinder!» — у роспачы крычыць эрцгерцаг. Тут жа гучыць другі стрэл: гэтая куля ўваходзіць у шыю Франца Фэрдынанда і прабівае яму трахею. Прынцып спрабуе атруціцца, застрэліцца, дабегчы да Міляцкі — усё марна: яго ловяць, зьбіваюць, ды так, што потым у турме яму ампутуюць руку.

Як непаўналетняму яму захаваюць жыцьцё — але ўжо праз чатыры гады сухотнік Прынцып, чалавек-нагода, «нягоднік, які цэліў у сэрца Эўропы», а забіў ні ў чым не вінаватую кабету і прыхільніка славянскай аўтаноміі, памрэ за кратамі. Але гэта потым. А пакуль што, 28 чэрвеня 1914, у венскім Пратэры грае музыка: ну, «забілі ж Фэрдынада-та нашага» — падумаеш, гора якое. Не вайну ж пачынаць праз такі кур’ёз.
XS
SM
MD
LG