Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Старшынства Літвы у ЭЗ — шанец і для апазыцыі, і для ўладаў Беларусі


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

Раніцай 27 чэрвеня у Вільні адбылася сустрэча міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

З беларускага боку ў ёй удзельнічалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталь Рымашэўскі.

«Вуснамі міністра заяўлена, што для Літвы Беларусь пункт асноўнага парадку дня падчас яе старшынства ў Эўразьвязе. Літва насамрэч зацікаўленая ў тым, каб насамрэч калі не вырашыць беларускую праблему (тут усе мы рэалісты), то зрабіць так, каб у гэтай справе быў заўважаны нейкі прагрэс. І на гэта будзе скіравана праца і самога міністэрства, і ўсёй Літвы.

Разам з тым у Літве гавораць, што гэта шанец ня толькі для апазыцыі і прыхільнікаў пераменаў, але і для ўлады. І я так разумею, што літоўцы спрабуюць размаўляць і з афіцыйным Менскам, гаворачы што іх старшынства гэта шанец і для вас.

Пры гэтым Вільня падкрэсьлівае што праблема палітвязьняў была і застаецца пытаньнем нумар 1. Яго ніхто не здымае з парадку дня», — заявіў Анатоль Лябедзька Радыё Свабода.

«Нам было сказана, што калі ва Ўсходнім партнэрстве з усімі выключэньнямі ўдзельнічае афіцыйны Менск, то вельмі важна захаваць балянс праз падтрымку Эўразьвязам і дэмакратычнай апазыцыі. Таму яе ўдзел павінен быць таксама зафіксаваны на ўсіх мерапрыемствах Усходняга партнэрства. Гэта было вельмі пазытыўна ўспрынята», — дадаў у інтэрвію Свабодзе Андрэй Дзьмтірыеў, прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду».

Віталь Рымашэўскі: «Спадар міністар яшчэ прасіў перадаць сыгнал беларускаму грамадзтву пра тое, што зьняцьцё санкцыяў з Макея носіць часовы характар, што гэта на паўгады, і што ні пытаньне палітвязьняў, ні пытаньне іх вызваленьня і рэабілітацыі, ні пытаньне правоў чалавека, асабліва ўлічваючы, што тут сытуацыя нават пагаршаецца з узбуджэньнем новых крымінальных справаў, не здымаюцца з парадку дня. Мы абмяркоўвалі магчымы фармат удзелу беларускіх дэмакратычных сілаў на саміце Ўсходняга партнэрства, які пройдзе ў Вільні, паколькі цалкам адкрытае для гэтага Літоўскае МЗС. Ужо ёсьць папярэдняя згода высокіх прадстаўнікоў іншых дзяржаваў арганізаваць сустрэчы падчас саміту і з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі — партыямі, грамадзкай супольнасьцю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG