Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускую эканоміку вяртаюць «залатую акцыю»


Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект, які вяртае так званую «залатую акцыю».

Паводле паправак у закон аб прыватызацыі, у акцыянэрныя таварыствы, акцыі якіх не належаць дзяржаве, могуць прызначацца дзяржаўныя прадстаўнікі.

Яны маюць права блякаваць рашэньні сходаў акцыянэраў. Дзяржпрадстаўнікі могуць прыпыняць рашэньні сходу акцыянэраў, калі «рэалізацыя гэтых рашэньняў супярэчыць грамадзкай карысьці і бясьпецы, наносіць шкоду навакольнаму асяродзьдзю і прыцясьняе правы і інтарэсы грамадзян», — адзначыў кіраўнік Дзяржкамітэту па маёмасьці Георгій Кузьняцоў.

Згодна з законапраектам, у гаспадарчых таварыствах, дзе дзяржаве належыць больш за 50% акцый, раду дырэктараў (назіральную раду) ствараць ня будуць. А там, дзе дзяржаве належыць 50% акцый і меней, у назіральныя рады будуць уключаць прадстаўнікоў дзяржавы.

У выніку гэтых новаўвядзеньняў прадстаўнікі дзяржавы змогуць блякаваць рашэньні акцыянэраў прыватных кампаній, адзначае Інтэрфакс.

Гэтыя папраўкі, паводле сайту afn.by, «як мінімум вяртаюць у эканоміку краіны скандальны інструмэнт залатой акцыі, а па сутнасьці азначаюць частковую нацыяналізацыю прыватызаваных прадпрыемстваў, прычым заднім чыслом — ад пачатку прыватызацыйных працэсаў пасьля распаду СССР».

У 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам адмяніў так званую «залатую акцыю» — інстытут асаблівага права дзяржавы на ўдзел у кіраваньні гаспадарчымі суб’ектамі. Тады Расея абвясьціла, што зьменшыць прэфэрэнцыі беларускай эканоміцы. У такіх умовах беларускія ўлады заявілі курс на лібэралізацыю, прыватызацыю, супрацоўніцтва з МВФ.

«Залатая акцыя» была ўведзеная ўказам прэзыдэнта ў 1997 годзе «для рэгуляваньня працэсу прыватызацыі».
XS
SM
MD
LG