Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 чэрвеня 1520 году перад палацам Ашакаятль у ацтэцкай сталіцы Тэначтытлане бясьпечней быць каменем або сабакам, чым эўрапейцам: разьюшаны народ каторы дзень спрабуе ўзяць штурмам муры, за якімі хаваецца нешматлікі атрад канкістадораў. Праўда, разам з гішпанцамі там заселі іхныя хаўрусьнікі, індзейцы з Тласкалы, непрымірымыя ворагі ацтэкаў — гэта дазваляе камандзіру гішпанцаў Картэсу спадзявацца, што сілаў вырвацца з ахопленага паўстаньнем Тэначтытлану ў яго ўсё ж хопіць. Да таго ж Картэс мае ў рукаве козыр — так, прынамсі, яму здаецца: у ягоным палоне знаходзіцца сам тлатоані Мантэсума ІІ, імпэратар ацтэкаў, і падступны гішпанец разважае, як найлепш выкарыстаць гэтага дзікуна. Козыр пакуль што маўчыць, занураны ў сябе, і паблісквае вузкімі вачыма: можа, прыгадвае, як упершыню пачуў пра барадатых, белатварых гасьцей з мора — ён ужо тады зразумеў, чым гэта пагражае яго імпэрыі, і спрабаваў дамовіцца... І ўсё ж цяпер, што ні кажы, колькасьцю ацтэкі нашмат перавышаюць прыхадняў — найменшая памылка можа каштаваць гішпанцам жыцьця.

Прыхінуўшыся да прахалоднай сьцяны, Картэс з раздражненьнем разглядвае свайго намесьніка дэ Альварада: менавіта гэты руды, як заход сонца над Тэначтытланам, крывасмок прычыніўся да таго, што ацтэкі ўзбунтаваліся. Пакінуў, называецца, «на хазяйстве». У адсутнасьць Картэса дэ Альварада ўчыніў у гэтым праклятым горадзе такую разьню, што і самыя цярплівыя індзейцы ўзялі ў рукі камяні ды дзіды і пайшлі да палаца, дзе атайбаваліся гішпанцы. Пайшлі зь цьвёрдым намерам забіваць, секчы галовы, рэзаць, праломваць чарапы нахабным прыхадням. Ня тое каб Картэсу было тут кагосьці шкада — але ён стратэг, а дэ Альварада — о, гэта звычайны мясьнік. З тых, у каго ёсьць адвага, але каму заўжды бракуе розуму.

Перад палацам чуюцца крыкі, якія нагадваюць рытуальныя песьні, і песьні, што нагадваюць крыкі параненых. Ад усяго гэтага неяк цесна ў грудзях і сьвярбяць рукі. На ўсё воля Госпада — але, халера на вас, Картэс не зьбіраецца сканчаць жыцьцё тут, сярод кактусаў і паганскіх капішчаў. І тады ён загадвае прывесьці Мантэсуму. Шасьцёра гішпанцаў прыкрываюць тлатоані шчытамі — у такім выглядзе, амаль цалкам схаваны ад вачэй, але пазнавальны па голасе, Мантэсума зьяўляецца ўрэшце на даху палаца. Крыкі ўнізе сьціхаюць. Гішпанцы прымаюць гэта за добры знак і апускаюць шчыты. Імпэратар стаіць над сваімі падданымі — ва ўвесь рост, як некалі ў хвіліны трыюмфу. Картэс нецярпліва паказвае яму, каб Мантэсума гаварыў.

І татлоані пачынае. Ён спрабуе пераканаць ацтэкаў, што супраціўленьне бессэнсоўнае. Ён заклікае іх скарыцца гісторыі і не ісьці на самагубства. Гішпанцы мацнейшыя — нават калі яны прайграюць сёньня, заўтра іх прыйдзе ў дзесяць разоў болей, яны пераб’юць усіх і зруйнуюць Вялікі Тэначтытлан.

Спачатку яго слухаюць уважліва і не перапыняюць. Але вось нехта са знатных ацтэкаў не вытрымлівае.

«Які зь цябе імпэратар! Ты баба, баязьлівец і садаміт! Ты здаўся ім, нават не пакаштаваўшы іхнай крыві!»

«Табе трэба прасьці, а не ваяваць! На кухню — мыць посуд! Ты сьпіш з гішпанцамі, як іх палюбоўніца! Посьцілка Рудога! Адна на ўсіх!» — азываюцца ўсё новыя і новыя галасы. — «Мы ўжо маем новага татлоані! Ведай пра гэта!»

І ў Мантэсуму ляцяць камяні і стрэлы. Гішпанцы зноў змыкаюць вакол яго шчыты — але трохі запозна: некалькі камянёў трапляюць імпэратару ў галаву, бакі, грудзі, у нагу ўтыркаецца страла. Мантэсуму адводзяць у бясьпечнае месца. Раны несур’ёзныя — і як жа зьдзіўленыя гішпанцы і тласкаланцы, калі неўзабаве ім абвяшчаюць, што Мантэсума памёр.

Ніхто ня верыць, што тлатоані загінуў ад рук паўстанцаў. Потым высьветліцца, што Мантэсума, пабачыўшы такую рэакцыю падданых, перастаў прымаць ежу і адмовіўся ад лячэньня — а на целе імпэратара, які стаў непатрэбны нікому, апрача, можа, сваіх змрочных багоў, знойдуць раны, зробленыя кінжалам. Празь некалькі дзён Картэс зь людзьмі вырвецца ўначы з гораду — а потым вернецца, прагнучы крыві — як і прадракаў тлатоані. І Тэначтытлан зьнікне зь зямной паверхні — нібыта яго ніколі не існавала.
XS
SM
MD
LG