Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму Лукашэнка ня любіць прызначаць кіраўнікамі раёнаў мясцовых чыноўнікаў...»


Эфір 26 чэрвеня 2013 году

Якімі якасьцямі трэба валодаць, каб стаць кіраўніком якога-небудзь беларускага раёну? Усе намэнклятурныя начальнікі сёньняшняй Беларусі ведаюць адказ на гэтае пытаньне. Галоўнае — спадабацца таму, хто адзін у дзяржаве мае права прызначаць на гэтыя пасады. Што адметна: меркаваньне тых людзей, якімі павінен кіраваць новы «вэртыкальшчык», пры гэтым ня грае практычна ніякай ролі.

Якія ж асобы ў выніку становяцца кіраўнікамі раёнаў — старшынямі райвыканкамаў? Пачну сёньняшнюю размову з гісторыі, якую даслаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, што пад Полацкам. Слухач піша:

«Вышэйшае начальства, якое прызначае ў наш раён старшыняў райвыканкамаў, чамусьці традыцыйна шукае іх па-за яго межамі. Напэўна, лічыць жыхароў Ушаччыны недастаткова здольнымі і разумнымі, каб асіліць кіраўніцтва нават такім маленькім раёнам. Вось і прысылаюць кіраваць намі «варагаў» зь якога-небудзь Талачына ці Шуміліна (ну, чаму «варагі» — з гісторыі вядома). Узгадаў я пра гэта, бо тыдні два таму прыслалі кіраваць намі новага старшыню (здаецца, з Шуміліна). Ну, застанецца ён у нас ці не — пакуль няясна: наконт гэтага, кажуць, у вярхах нейкія палацавыя інтрыгі кіпяць-віруюць.

Але, тым ня менш, кіраваць новы старшыня ўжо пачаў. І пачаў, як пачыналі адвеку амаль усе старшыні райвыканкамаў, з «навядзеньня парадку» (быццам усе іхныя папярэднікі займаліся выключна навядзеньнем беспарадку). Кажуць, езьдзіць і задае ўсім амаль аднолькавыя рытарычныя пытаньні: «Пачаму зьдзесь бур’ян ня скошаны?», «Пачаму зьдзесь апілкі ня убраны?» (Так і хочацца адказаць: «Пачаму-пачаму... Патаму што!»)

Папярэдні «залётны» старшыня ў дзяцінстве, пэўна, любіў маляваць, аддаючы перавагу буйным формам. Таму ён праявіў нейкую разнастайнасьць і нават фантазію, пачаўшы сваю вірлівую «дзейнасьць» зь перафарбоўкі трубы. Якой трубы? Зараз патлумачу
.

— Некалькі год таму гэта было. Пачалі фарбаваць на нашай цэнтральнай кацельні цагляны комін вышынёй 47 мэтраў, дыямэтрам унізе мэтраў 5–6. Ну, вы ведаеце: паласа белая, паласа карычневая, паласа белая... ну, і так далей. Доўга верхалазы-альпіністы віселі на сваіх вяроўках, процьму фарбы перавялі — пафарбавалі комін! Вельмі прыгожа атрымалася. Але тут, на іх бяду, прызначылі нам новага старшыню райвыканкаму. Той, скептычна ўсьміхаючыся, пачакаў, пакуль пафарбуюць усю трубу, а дачакаўшыся, урачыста заявіў: вельмі дрэнна пафарбавана, трэба перафарбоўваць. Узьнікла простае і цалкам натуральнае пытаньне: чаму дрэнна і навошта перафарбоўваць? Усё аказалася вельмі проста: палосы на старшынёўскі погляд занадта шырокія атрымаліся, трэба вузейшыя. Пачалі спрачацца з падрадчыкам, нарады зьбіраць з гэтай нагоды, «пяцімінуткі» ладзіць, нейкія даведнікі гартаць. І — зьдзейсьнілася: дабіўся-такі старшыня перафарбоўкі! Вынік ашаламляльны: замест сямі палосаў самы высокі комін райцэнтру цяпер упрыгожваюць ажно цэлых восем! Зьдзейсьнілася мара дзяцінства! Шчасьлівыя і задаволеныя ўшачане цяпер могуць колькі заўгодна зь любой кропкі райцэнтру любавацца старшынёўскім творам мастацтва.

Ня верыце, што так было? Скажаце, што гэтая перафарбоўка коміна — шыза поўная? Скажаце, што няхай бы ўжо так і заставалася: такой бяды — не перафарбоўваць жа з-за гэткай драбязы такі гмах?

Ды на што хочаце закладуся, і сьведак прадстаўлю, што не маню! Ды яшчэ і не такое вам раскажу!

Кіраўнік адной ушацкай арганізацыі мне тады сказаў: «Ведаеш, Кастусь, гляджу я на нашага „прэда“ — і такое ўражаньне, што ён ня ведае, чым сябе заняць».

Ваісьціну так!«
.

Аляксандар Лукашэнка ўжо даўно аддае перавагу гэтаму прынцыпу ў прызначэньні кіраўнікоў рэгіёнаў: прысылаць прызначэнцаў зь іншых мясьцін, не вылучаць на высокія пасады тутэйшых, мясцовых. Лічыцца, што такі падыход спрыяе меншай карумпаванасьці ўладнай вэртыкалі. Усе мясцовыя начальнікі, зразумела, даўно абрасьлі рознымі сяброўскімі, сваяцкімі ды іншымі сувязямі. А прыежджы кіраўнік — чужы, малавядомы, нікому нічым не абавязаны... Пакуль паабатрэцца ды перазнаёміцца — глядзіш, больш справай будзе займацца, а не вырашэньнем уласных праблемаў...

Ці апраўдвае сябе гэты прынцып у рэальным жыцьці — цяжка сказаць. Калі меркаваць па гучных карупцыйных справах апошняга часу — дык ня вельмі.

Ёсьць нашмат прасьцейшы і больш эфэктыўны спосаб зрабіць мясцовую ўладу больш празрыстай і залежнай ад грамадзкага кантролю і грамадзкай думкі: увесьці прамыя дэмакратычныя выбары кіраўнікоў рэгіёнаў. Але на гэта Лукашэнка наўрад ці калі-небудзь пойдзе: гэта аслабіла б ягоную аднаасобную ўладу, дзяліцца якой з кім бы там ні было — не ў ягоных прывычках.

Пра стаўленьне ўлады да праблемаў нацыянальнай культуры разважае ў сваім лісьце на Свабоду Віктар Баранаў з Рагачова. Слухач піша:

«Сваё глупства і самадурства ўлада спаганяе на людзях. Большасьць насельніцтва незадаволена тым, што паказваюць па тэлевізары і распавядаюць па радыё. Надта далёка гэта ад рэальнасьці. А няпраўда ў нармальнага чалавека заўсёды выклікае пачуцьцё агіды і пратэсту.

Дайшло да таго, што ўлада ставіць сабе ў заслугу тое, што мы не паміраем ад голаду. Гэта проста сьмешна. Людзі жывуць на зямлі тысячагодзьдзі, і калі б усё залежала ад правіцеля — чалавечы род даўно зьнік бы. Мы не галадаем таму, што працуем. І ад Лукашэнкі гэта ніяк не залежыць.

Што сапраўды зрабіў Лукашэнка амаль за два дзесяцігодзьдзі свайго кіраваньня — дык гэта зьнішчыў нацыянальную культуру, якая да яго стваралася вякамі. Паглядзіце дзяржаўнае тэлебачаньне, паслухайце радыё — нідзе нічога нацыянальнага, беларускага. Непадзельна пануе расейская папса. Я хаджу ад шапіка да шапіка, шукаю тое, што мне па душы — нідзе нічога няма. Вось хацеў набыць запісы ансамбля „Бяседа“. У адным месцы мне адказалі: „Было семдзесят дыскаў — за два дні ўсё разабралі...“

Вось такі ў нас цудоўны прэзыдэнт, такое стаўленьне да нацыянальнай культуры. І ўсе маўчаць пад ягоным прыгнётам. А варта было б прымусіць паважаць беларускі народ і ягоную культурную спадчыну»
.

Сьцьвярджэньне, што Лукашэнка зьнішчыў беларускую культуру, — гэта ўсё ж, спадар Віктар, яўнае перабольшаньне. Хоць шмат у чым вашы папрокі і нараканьні, безумоўна, справядлівыя. Калі б Лукашэнка любіў літаратуру і мастацтва гэтак жа, як ён любіць хакей і расейскую папулярную эстраду, — напэўна, усё было б па-іншаму. За гады ягонага кіраваньня сотні мільёнаў даляраў укладзены ў будаўніцтва лядовых палацаў, фінансаваньне прафэсійных хакейных клюбаў. Штогод значныя сродкі зь бюджэту выдаткоўваюцца на правядзеньне «Славянскага базару» ў Віцебску, на якім гучыць галоўным чынам расейская папса; на падрыхтоўку эстрадных выканаўцаў для ўдзелу ў Эўрабачаньні... Парадокс у тым, што, нягледзячы на ўсе фантастычныя для маштабаў Беларусі выдаткі, за гэтыя два дзесяцігодзьдзі Беларусь не здабыла практычна ніякіх ні хакейных, ні эстрадных ляўраў, якімі б можна было ганарыцца на ўсясьветным узроўні.

На заканчэньне — ліст ад Валянціны Ўдавенкі зь Менску. Разважаючы пра адметнасьці савецкіх і беларускіх кіраўнікоў, якія былі пры ўладзе на працягу апошняга стагодзьдзя, слухачка піша:

«Усе нашы правадыры былі зацыкленыя на чым-небудзь. Сталін саджаў людзей, Хрушчоў — кукурузу. Брэжнеў быў у захапленьні ад бліскучых мэдалёў. Гарбачоў ваяваў зь вінаграднікамі і зьнішчыў працу не аднаго сэлекцыянэра... Усім вядома, якое захапленьне ў нашага цяперашняга правіцеля. Асабіста я супраць будаўніцтва лядовых палацаў, якое вядзецца за кошт таго, што абразаюцца іншыя сацыяльныя праграмы. Мне шмат што не падабаецца, напрыклад, у нашай цяперашняй сыстэме адукацыі. Але асабліва шмат нядобрых слоў хочацца сказаць пра мэдыцыну. Наша сыстэма аховы здароўя бязьлітасная да такіх, як я — адзінокіх, у каго няма сродкаў і заканчваюцца сілы...

Увогуле, у Беларусі цяпер, па ўсім відаць, у адносінах да такіх, як я, узяты курс на багадзельні. Чула, што і ў Вялікай Брытаніі таксама прыціснулі пэнсіянэраў, вымушаючы іх сыходзіць у багадзельні. Баюся, што ў нас тыя палітыкі, якія могуць прыйсьці на зьмену Лукашэнку, будуць ня лепшыя за яго. Таму не падтрымліваю тых, хто выступае за разнастайныя санкцыі супраць Беларусі. Па сутнасьці, гэта былі б санкцыі супраць такіх, як я — абяздоленых людзей. Хіба можа чалавек у цьвярозым розуме наклікаць бяду на ўласную галаву?

Я даўно выйшла з таго ўзросту, калі вераць інфармацыі з вуснаў толькі аднаго чалавека. Але і на плошчу, як Някляеў, я не пайду. Бо дзе гарантыя, што наступныя будуць лепшыя?»
.

Гарантыяў, спадарыня Валянціна, сапраўды няма. Але дзеля таго і прыдумалі ў дэмакратычных грамадзтвах сыстэму зьмены ўлады, абмежаваньне часу, на працягу якога чалавек можа знаходзіцца на галоўнай пасадзе ў дзяржаве, — каб засьцерагчыся ад празьмерна амбітных і самаўлюбёных асобаў. Тых асобаў, якія любым коштам імкнуцца заставацца прэзыдэнтамі пажыцьцёва — ня надта зважаючы на тое, што іхная аўтарытарная сыстэма ўтрыманьня ўлады даўно стала тормазам і для грамадзтва, і для краіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG