Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская авіябаза будзе разьмешчана ў Лідзе і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы ВПС Расейскай Фэдэрацыі генэрал-лейтэнант Віктар Бондараў.

«Стварэньне расейскай авіябазы ў Беларусі — гэта вынік выкананьня міжурадавага пагадненьня аб умацаваньні вайсковага складніка Саюзнай дзяржавы. Як удзельніца Саюзнай дзяржавы, Расея абавязаная сфармаваць і мець там сваю авіябазу», — заявіў Бондараў.

Ён таксама паведаміў, што на першапачатковым этапе база будзе расейскай, потым — будзе бачна.

Уладкоўваць базу будзе беларускі бок, Расея будзе ў гэтым дапамагаць. «Авіябаза стане важным элемэнтам першага стратэгічнага эшалёну абароны Саюзнай дзяржавы, яна будзе забяспечваць прыкрыцьцё паветранай прасторы Беларусі», — падкрэсліў Бондараў.

Паводле ягоных словаў, на аэрадроме ў Лідзе не спатрэбіцца ўзводзіць якія-небудзь новыя аб’екты, там усё ёсць. На авіябазе будуць размешчаны мадыфікаваныя зьнішчальнікі Су-27СМ3.

Беларускі бок паведамленьне расейскага генэрала пакуль не камэнтуе.

23 траўня на сустрэчы ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што да 2015 года РФ плянуе разьмясьціць у Беларусі знішчальны авіяполк. Паводле ягоных словаў, у 2013 годзе плянуецца стварыць у Беларусі авіяцыйную камэндатуру і паставіць першае дзяжурнае зьвяно баявых зьнішчальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG