Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-спікер Cэйма Літвы: «Адзіная Эўропа безь Беларусі — гэта няскончаны праект»


«Наша старшыньства ў Эўразьвязе — гэта велізарны шанец зрабіць Беларусь больш бачнай. Адзіная Эўропа безь Беларусі — гэта няскончаны праект», — заявіў віцэ-спікер сейма Літвы Петрас Ауштрэвічус падчас кансультацыяў беларускіх і літоўскіх дэмакратычных партыяў, якія праходзяць у літоўскім Сэйме.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Стратэгічная цікавасць Эўразьвязу заключаецца ў тым, каб «мець эўрапейскіх суседзяў у поўным сэнсе гэтага слова». «Я хачу верыць, што мара аб Эўропе ў Беларусі толькі прасоўваецца наперад, становіцца больш моцнай», — заявіў Ауштрэвічус.

У сваю чаргу лідэр апазыцыі ў Сэйме, былы прэм’ер-міністр Андрус Кубілюс адзначыў: кожная краіна вырашае свой лёс сама. «Але людзі павінны мець права на выбар, чаго ў Беларусі цяпер няма», — дадаў палітык.

На думку Кубілюса, лёс Беларусі залежыць не толькі ад таго, наколькі адзінай будзе апазыцыя ў краіне, ці як будзе зьмяняцца рэжым Аляксандра Лукашэнкі, але і ад многіх геапалітычных фактараў, у тым ліку ад таго, як «будзе паводзіць сябе Крэмль, як будзе развівацца Усходняе партнэрства, як сваю адказнасьць за лёс гэтага рэгіёну будзе разумець ЭЗ».

«Перад пачаткам старшынства Літвы ў ЭЗ нам важна зразумець, што мы можам зрабіць за гэтыя 6 месяцаў, у тым ліку і для Беларусі».
XS
SM
MD
LG