Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З часу афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў прайшло ўжо больш за тыдзень, аднак расейскія экспэрты працягваюць яго актыўна абмяркоўваць. Прычым у даволі паказальным, хоць і звыклым для Расеі кантэксьце.

Хацеў бы зьвярнуць увагу на вельмі падобныя між сабой тэзісы двух палітолягаў: Андрэя Суздальцава і Кірыла Коктыша. Іхнія камэнтары тым больш цікавыя, што абодва — знаныя і даволі рэдкія ў РФ спэцыялісты па Беларусі. Бо, як ні дзіўна, нягледзячы на шматгадовую беларуска-расейскую інтэграцыю, спэцыялістаў, якія б займаліся ў Расеі толькі беларускай праблематыкай, там амаль няма. Дарэчы, абодва экспэрты — сталыя камэнтатары беларускай службы Радыё Свабода.

Намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў на сваім сайце піша:

«Шматгадзінны аповед А. Лукашэнкі пра адносіны з Масквой, бясконцыя пералічэньні крыўдаў, якія назьбіраліся за час шматгадовага дыялёгу з Крамлём, мабыць, на думку А. Лукашэнкі, павінны былі закласьці аснову для максымальнага збліжэньня паміж Менскам і Кіевам на аснове супрацьстаяньня з Масквой. Адразу скажам, што гэта быў рызыкоўны крок, бо (...) гэта была сустрэча двух вялікіх хітруноў, якія ня толькі зацікаўленыя ў выкарыстаньні адзін аднаго супраць Масквы, але і не забываюць куснуць адзін аднаго».

Вельмі падобную пазыцыю займае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў (МГИМО) Кірыл Коктыш. На сайце МГИМО ён піша:

«З пункту гледжаньня Лукашэнкі было б вельмі прадбачліва пачаць гаварыць пра ўзгодненую, калі не агульную, эўразійскую стратэгію Ўкраіны і Беларусі цяпер, калі „вялікая гульня“ з удзелам абедзьвюх краін яшчэ толькі-толькі пачынаецца».

На думку К. Коктыша, раней, калі празь Беларусь і Ўкраіну ажыцьцяўляўся ўвесь транзыт расейскай нафты і газу ў Эўропу, то Менск і Кіеў былі канкурэнтамі. Але цяпер сытуацыя зьмянілася.

«Зараз, пасьля зьяўленьня ў Расеі абходных нафта- і газаправодаў, такога роду канкурэнцыя страчвае сэнс. А гэта азначае магчымасьць збліжэньня Менску і Кіева і магчымасьць выбудоўваньня кансалідаванай пазыцыі, у першую чаргу, у адносінах да Расеі. Гэтая магчымасьць сёньня настолькі відавочная і хавае ў сабе настолькі відавочныя пэрспэктывы, што няма ніякіх сумневаў, што абодва прэзыдэнты, і беларускі, і ўкраінскі, у гэтай сытуацыі апынуцца вышэй за любыя чалавечыя крыўды і будуць дзейнічаць, зыходзячы з палітычнага разьліку», — адзначае экспэрт.

Найперш важна адзначыць характэрнае для абодвух палітолягаў расеецэнтрычнае бачаньне сьвету. Прэзыдэнты дзьвюх суседніх краін упершыню за амаль чатыры гады правялі двухбаковыя перамовы. Пра што яны могуць размаўляць? Вядома ж, пра дачыненьні з Расеяй. Іншыя тэмы калі і ёсьць, то недзе там, на пэрыфэрыі ўвагі.

Другі агульны момант — гэта падазрэньне ў падступнасьці, антырасейскай змове. Ніякіх вонкавых прыкметаў гэтага няма, але апрыёры аўтары ўпэўненыя, што суседзі толькі і думаюць, каб зрабіць нейкае паскудзтва Расеі.

Калі ж па сутнасьці, то ў Лукашэнкі няма ніякіх падставаў ладзіць нейкі саюз антырасейскай скіраванасьці з Украінай. Цяпер Менск атрымлівае максымальныя субсыдыі ад Расеі. Адна з прычын такой шчодрасьці Масквы палягае ў тым, каб на прыкладзе Беларусі паказаць Кіеву, якія выгоды ён атрымае, калі пойдзе ўсьлед за Менскам. То бок прадасьць Расеі сваю газатранспартную сыстэму, уступіць у Мытны зьвяз, адмовіцца ад курсу на эўрапейскую інтэграцыю. Менавіта за гэта Масква пастаўляе Беларусі танныя нафту і газ, зьбіраецца будаваць новую нітку газаправоду Ямал — Эўропа. І хоць А. Лукашэнка ў час візыту ў Кіеў казаў дзяжурныя словы пра пажаданасьць далучэньня Ўкраіны да Эўразійскага зьвязу, на самой справе афіцыйны Менск больш зацікаўлены ў захаваньні геапалітычнага статус-кво. Бо гэта робіць Беларусь прывілеяваным саюзьнікам Расеі. З усімі дывідэндамі, якія адсюль вынікаюць.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG