Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгляд апэляцый беларусаў у Лібіі перанесьлі на 3 ліпеня


26 чэрвеня Вышэйшы ваенны суд Лібіі мае разглядзець апэляцыю трох беларусаў, двух расейцаў і 19 украінцаў, асуджаных за дапамогу рэжыму Муамара Кадафі, паведамляе ВВС. Самі яны называюць сябе нафтавікамі.

У чэрвені 2012 году лібійскі суд прысудзіў расейца Аляксандра Шадрова да пажыцьцёвага зьняволеньня, прызнаўшы яго каардынатарам групы «міжнародных наймітаў» зрынутага дыктатара. Яго суайчыннік Уладзімір Абавязкаў, а таксама трое грамадзянінаў Беларусі былі асуджаныя да 10 гадоў папраўчых працаў.

На самай справе цяпер у лібійскай турме знаходзяцца чаьцвёра беларусаў: Фёдар Трусанаў, Валерый Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў і Вячаслаў Качура. Усё — пэнсіянэры. Двое зь іх — менчукі, адзін жыў ва Ўкраіне, але зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Усіх асуджаных абвінавацілі ў тым, што яны ажыцьцяўлялі рамонт сродкаў проціпаветранай абароны Лібіі, «што стварыла пагрозу для лётчыкаў кааліцыі, якія абаранялі народ Лібіі». Паводле меркаваньняў суду, яны рамантавалі ваенную тэхніку, якую падчас грамадзянскай вайны ў Лібіі выкарыстоўвалі ўрадавыя войскі, што было кваліфікавана як замах на забойства.

Усе асуджаныя адмаўляюць выстаўленыя ім абвінавачаньні, сьцвярджаючы, што прыбылі ў Лібію працаваць па кантрактах у нафтавай галіне.

Летась пасьля вынясеньня прысудаў зьнешнепалітычныя ведамствы Расеі, Украіны і Беларусі заявілі, што будуць дамагацца вызваленьня сваіх грамадзянаў.

Разгляд апэляцыі 19 украінцаў, двух расейцаў і трох беларусаў, асуджаных у Лібіі за дапамогу рэжыму Муамара Кадафі, перанесены на 3 ліпеня.

З-за раптоўнага пагаршэньня сытуацыі зь бясьпекай асуджаных не змаглі даставіць да месца правядзеньня судовага паседжаньня, паведамілі Інтэрфаксу ва ўкраінскім МЗС.
XS
SM
MD
LG