Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паспрыяе вызваленьню палітвязьняў зьняцьцё візавых санкцыяў з Уладзімера Макея?


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея выключылі са сьпісу асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Ці пераканаўчае тлумачэньне Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу адносна свайго рашэньня? Ці можна лічыць гэта перамогай афіцыйнага Менску? Якія пэрспэктывы размарожваньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.


Чаму Макей атрымаў візавую амністыю?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Пытаньне аб адмене візавых санкцыяў у дачыненьні да міністра замежных спраў Беларусі Макея цягнецца даўно, яшчэ з восені мінулага году. Але каб дасягнуць кансэнсусу краін ЭЗ па гэтай тэме, спатрэбілася больш за паўгода. Тлумачэньне ЭЗ пра тое, што патрэбны, маўляў, канал сувязі, трэба з кімсьці весьці перамовы, уяўляецца непераканаўчым. Падаецца, што гэта проста прыхільнікі аднаўленьня дыялёгу з афіцыйным Менскам у краінах ЭЗ шукалі падставыдля такога рашэньня. Што насамрэч за ім хаваецца?»

Андрэй Фёдараў: «Сапраўды, гэтая матывацыя выглядае трохі дзіўнай. Таму што пры цяперашніх сродках сувязі ёсьць шмат магчымасьцяў для камунікацыяў. І намесьнікі Макея шмат разоў езьдзілі за мяжу і сустракаліся там з афіцыйнымі прадстаўнікамі ЭЗ. Таму такія тлумачэньні выглядаюць як жаданьне зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні.

Насамрэч прычына такога рашэньня палягае ў тым, што ЭЗ хоча, каб Беларусь засталася ў праграме „Ўсходняе партнэрства“. І таму ідзе на пэўныя саступкі.

Але мы ня ведаем, якія кулюарныя дамоўленасьці спадарожнічалі гэтаму рашэньню ЭЗ. Можа, Менск паабяцаў вызваліць палітзьняволеных. Калі гэта адбудзецца неўзабаве, то мы можам лічыць, што такія дамоўленасьці былі. Калі ж не, то, значыць, гэтае рашэньне было прынята ЭЗ на свой страх і рызыку.

Але на такі выпадак ЭЗ падстрахаваўся. Бо наступны раз гэтае пытаньне будзе разглядацца ў кастрычніку, то бок яшчэ да саміту „Ўсходняга партнэрства“. І калі палітвязьняў ня вызваляць, то гэтае рашэньне адносна Макея могуць і адмяніць».

Каміль Клысінскі: «Я не адмаўляю афіцыйную вэрсію ЭЗ. Эўразьвяз напярэдадні саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў Вільні хоча мець канал камунікацыі зь Менскам на адносна высокім узроўні. Міністар замежных спраў паводле сваёй функцыі павінен быць уязным.

Тым больш што Ўладзімер Макей быў аўтарам палітыкі дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ у 2008–2010 гадах. І падзеі 19 сьнежня 2010 году — гэта была не ягоная ідэя. Тыя падзеі сталі паразай ягонага праекту.

Зь іншага боку, гэта жэст добрай волі ЭЗ. Гэта сыгнал: мы гатовыя размаўляць. Але ніхто не здымае патрабаваньня вызваліць палітвязьняў. І ЭЗ усё зрабіў настолькі асьцярожна і абумоўлена, што я б не казаў пра саступку, паварот у палітыцы ЭЗ, адмову ад каштоўнасьцяў, пра што ўжо кажуць у беларускіх незалежных мэдыях.

Вызваленьне Макея ад візавых абмежаваньняў — гэта ўсяго толькі новае вакно магчымасьцяў для Менску. Гэта, хутчэй, сымбалічны жэст. Для мяне больш важна, якія прапановы прывязе Макей у Брусэль у ліпені ці ў Вільню ў лістападзе. Калі ўвогуле ягоны візыт у Вільню адбудзецца».


Ці можна лічыць гэта перамогай афіцыйнага Менску?


Карбалевіч: «Вядома, што многія прадстаўнікі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці крытычна ацэньваюць гэты крок ЭЗ. Вось палітоляг Раман Якаўлеўскі назваў вызваленьне Макея ад візавых санкцыяў паразай Эўропы. Ці можна лічыць гэтае рашэньне перамогай афіцыйнага Менску? Ці можна ўвогуле разглядаць гэтую візавую палёгку Макею ў катэгорыях перамогі і паразы?»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: «Не магу пагадзіцца з пазыцыяй Якаўлеўскага. Тут нельга казаць пра перамогу ці паразу. Гэта проста дэманстрацыя Эўразьвязам жаданьня пачаць дыялёг. Пакуль што Менск зрабіў толькі невялічкія крокі ў гэтым кірунку. Была закрыта крымінальная справа адносна Андрэя Пачобута. Дазволілі зладзіць візыт у Беларусь прадстаўніцы АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуні Міятавіч.

Частка апазыцыі прытрымліваецца лініі: чым больш жорсткая пазыцыя Захаду, тым лепш. Але пакуль што няма доказаў правільнасьці жорсткай ці мяккай пазыцыі ЭЗ адносна афіцыйнага Менску. Некаторыя кажуць, што жорсткі ціск з боку Захаду прымусіў беларускі рэжым вызваліць палітзьняволеных у 2008 годзе. На мой погляд, прычынай таго вызваленьня трэба лічыць агрэсію Расеі супраць Грузіі. Вось ужо хутка будзе тры гады, як ажыцьцяўляецца жорсткі ціск на рэжым з боку Захаду, а вынікаў няма».

Карбалевіч: «Нядаўна здарыўся цікавы эпізод. Макей быў запрошаны на паседжаньне міністраў замежных спраў дзяржаў Вышаградзкай групы і краін-удзельніц праграмы „Ўсходняе партнэрства“ ў Кракаве. Але Макей не паехаў. Замест яго ў Кракаў паехала ягоная намесьніца сп-ня Купчына. Дык калі беларускі бок сам ня хоча выкарыстоўваць Макея ў якасьці канала камунікацыяў з афіцыйным Менскам, дык які сэнс здымаць зь міністра замежных спраў Беларусі візавыя санкцыі?»

Клысінскі: «Адмова Макея ехаць у Кракаў — гэта гульня афіцыйнага Менску
Адмова Макея ехаць у Кракаў — гэта гульня афіцыйнага Менску на падвышэньне ставак
на падвышэньне ставак. Намёк на неабходнасьць запрашэньня Лукашэнкі на саміт „Усходняга партнэрства“ ў Вільні, які нядаўна зрабіў амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, — гэта таксама гульня на падвышэньне ставак. На мой погляд, такая гульня неадэкватная рэальнасьці. Зразумела, Менск можа разглядаць рашэньне ЭЗ адносна Макея як сваю перамогу. Але насамрэч гэта ня так».

Фёдараў: «Мы ведаем, хто насамрэч вызначае зьнешнюю палітыку Беларусі. І ад таго, будзе Макей у Вільні ў лістападзе ці ня будзе, нічога ня зьменіцца. Галоўнае ў тым, зь якімі інструкцыямі ён прыедзе».

Якія пэрспэктывы дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?


Карбалевіч: «Традыцыйнае пытаньне: якія прагнозы наконт пэрспэктываў дачыненьняў Беларусі і ЭЗ? Што далей? Ці паўплывае гэтае рашэньне адносна Макея на вызваленьне палітвязьняў?»

Клысінскі: «Я вельмі скептычна ацэньваю гэтыя пэрспэктывы. Думаю, да канца году ўсе палітзьняволеныя ня будуць вызваленыя. На жаль, думаю, Статкевіч і Бяляцкі застануцца ў турме. Лукашэнка будзе імкнуцца захаваць свой твар. Зь іншага боку, і Расея ня цісьне жорстка. Менск чакае, што ЭЗ саступіць са сваіх пазыцыяў. А калі не, то дапаможа Расея. Аднаўленьня паўнавартаснага дыялёгу сёлета ня будзе».

Фёдараў: «Я падзяляю пэсымізм сп. Клысінскага. Хоць я не выключаю, што палітзьняволеныя будуць вызваленыя да саміту ў Вільні ў лістападзе і Макей паедзе туды. Але прынцыпова гэта нічога ня зьменіць. Бо адносіны з ЭЗ — вытворныя ад дачыненьняў з Расеяй. А моцнага пахаладаньня з РФ няма».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG