Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікам ільнозаводу прапануюць папрацаваць у цырульнях


У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, закрываюць мясцовы ільнозавод. Першымі пад звальненьне падпалі больш за дваццаць працаўніц.

Цяпер пагроза звальненьня паўстала перад інжынэрна-тэхнічным пэрсаналам ды мэханізатарамі, якіх ужо папярэдзілі, што працаваць яны будуць без дадатковых да заробку выплат. Жанчынам, якія працавалі з ільном, прапануюць стаць прадавачкамі й нават знайсьці сабе занятак у цырульнях. Раней прапаноўвалі езьдзіць на працу на Шклоўскі ільнозавод.

Пра тое, што ільнозавод закрываюць, стала вядома пры канцы траўня. Супраць гэтага намеру выступілі жанчыны, якія працавалі ў цэху з ільном. 25 траўня іх не пусьцілі на працоўныя месцы. Тры дні яны прыходзілі да прахадной і чакалі, пакуль начальства перадумае. Урэшце іх адправілі ў адпачынак. Сёньня ён скончыўся, але завод так і не запрацаваў. У адміністрацыі прадпрыемства паведамілі, што цяпер адбываецца яго рэарганізацыя. Людзям прапануецца альбо працягнуць адпачынак яшчэ на месяц за свой кошт у сувязі з вытворчай неабходнасьцю, альбо звольніцца:

«Вытворчая неабходнасьць такая, што няма эканамічнага абгрунтаваньня існаваньня прадпрыемства», — зазначае супрацоўнік адміністрацыі.

Заводзкія вароты адчыненыя, але завод не працуе

Заводзкія вароты адчыненыя, але завод не працуе





Паводле суразмоўцы, доўг заводу складае 10 мільярдаў рублёў. Большая частка яго нарасла ад 2005 году з прычыны невысокай рэнтабэльнасьці. Акрамя таго, паводле супрацоўніка адміністрацыі, частку бюджэтных сродкаў, якія выдзяляліся прадпрыемству, проста скралі:

«Кіраўнік арганізацыі іх скраў, і цяпер ён у вышуку. Тры мільярды».

Некалі ў Круглым будавалі новы льнозавод. Цяпер новае разбураецца, а старое зачыняецца

Некалі ў Круглым будавалі новы льнозавод. Цяпер новае разбураецца, а старое зачыняецца



Пагутарыць з жанчынамі, якія вырашылі пакуль узяць адпачынак за свой кошт, але не звальняцца, не ўдалося. Сытуацыю пакуль яны не жадаюць камэнтаваць. Мужчыны-мэханізатары кажуць, што чарга звальненьня дойдзе і да іх:

«Яны во і да нас дабраліся. Расцэнкі, кажуць, парэжам, прэміяў ня будзе, кляснасьць плаціць ня будуць. Сілком звальняйцеся, сыходзьце, і ўсё. Нібыта мы на сябе не напрацоўваем. Дык гэта ж яны спынілі вытворчасьць, а ня мы. Дзеўкі ўчора заклікалі, што давайце будзем працаваць — новая траста пойдзе. Дзеўкі кажуць: што мы, тут па трыццаць гадоў адпрацавалі — і што, пойдзем цяпер на падсобныя працы?», — распавядае адзін з працаўнікоў.

Юрыст холдынгу «Магілёўабллён» пра прычыны закрыцьця Круглянскага льнозаводу казаць адмовілася, аднак заявіла:

«Там у раёне ёсьць вакантныя месцы, і людзі самі ня хочуць пераходзіць».

Звольненым з ільнозаводу прапануюць уладкавацца прадаўцамі, цырульнікамі, а таксама ў сельскай гаспадарцы — даяркамі. Адзінаму вытворчаму прадпрыемству ў райцэнтры, перасоўна-мэханізаванай калёне, патрабуюцца рознарабочыя.

Раней пісалі, што Круглянскі льнозавод мала таго, што нерэнтабэльны, але яшчэ і аварыйны. У адміністрацыі паведамілі, што дазволу на запуск заводу не дае санэпідэмстанцыя, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Каб ліквідаваць аварыйнасьць цэху, неабходныя велізарныя ўкладаньні.

Адно з палёў, засеяных працаўнікамі Круглянскага льнозаводу

Адно з палёў, засеяных працаўнікамі Круглянскага льнозаводу



А як ставяцца жыхары райцэнтру да закрыцьця льнозаводу? Некалькі меркаваньняў:

Спадарыні: «Супраць. Людзям дзе працаваць тады? Акрамя гандлю, няма дзе. Прадаўцы патрабуюцца. Больш нідзе няма як зачапіцца».

Спадарыня: «Адмоўна, вядома ж. Гэта ўсё ж мінус раёну. Аб’ёмы вытворчасьці скарачаюцца. Раёну горш. Працоўных месцаў у нас мала».

Спадарыня: «Непажадана, вядома. Адно прадпрыемства было, і тое закрылі. Так і раён ліквідуюць».

На Круглянскім ільнозаводзе ў тым, што яго зьбіраюцца зачыніць, вінавацяць Шклоўскі льнозавод, якому нібыта нестае сыравіннай базы. Нястачу зьбіраюцца папоўніць ільном з Круглянскага раёну. Тут сёлета ім засеялі тысячы гектараў. Працаўнікі кажуць, што лён урадзіў, і калі ня будзе непагадзі, то сыравіна для льнозаводаў будзе высокай якасьці. Раней працаўнікам з Круглянскага льнозаводу прапаноўвалі езьдзіць у Шклоў на працу, аднак яны адмовіліся. Доўг, які набраўся ў прадпрыемства, яны гатовыя сплаціць, абы ўратаваць прадпрыемства ад закрыцьця. Пакуль жа працаўніцы праз суд дамагаюцца, каб ім выплацілі заробак за красавік і травень ды адпускныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG