Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбур паедуць дэпутаты і аналітыкі


Дакладчык па Беларусі Андрэс Хэркель

Дакладчык па Беларусі Андрэс Хэркель

У пасяджэньні камітэту па палітычных справах і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якое пройдзе 27 чэрвеня ў Страсбуры, возьмуць удзел прадстаўнікі «Беларускіх фабрык думак» і афіцыйная дэлегацыя. На ім выступіць дакладчык па Беларусі Андрэс Хэркель з Эстоніі.

Ад афіцыйнага Менску на пасяджэньне прыедуць чальцы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка і Аляксандар Зазуля. Абодва кіруюць дэпутацкімі камісіямі — па міжнародных справах і дзяржаўным будаўніцтве.

Андрэс Хэркель адмовіўся ад камэнтароў напярэдадні пасяджэньня.

Раней спадар Хэркель заявіў, што на пасяджэньні паліткамітэту будзе ўзьнятае пытаньне пра сьмяротнае пакараньне, каб «ацаніць, якую ролю можа адыграць беларускі парлямэнт у яго разьвязаньні».

У чэрвені ў Беларусі было вынесена два сьмяротныя прысуды, а ад пачатку году — тры.

Раней у сумеснай заяве дакладчык па адмене сьмяротнай кары Марына Шустэр і дакладчык па сытуацыі ў Беларусі Андрэс Хэркель асудзілі вынясеньне новага сьмяротнага прысуду ў Беларусі.

Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ўжываюць сьмяротнае пакараньне. Эўрапейскія структуры ня першы год заклікаюць афіцыйны Менск адмовіцца ад сьмяротнай кары.

Марына Шустэр адзначыла, што Рада Эўропы працягне дыялёг зь Беларусьсю толькі пасьля таго, як у краіне будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Мікалай Самасейка заявіў, што беларускі бок не прымае ціску звонку ў пытаньні магчымай адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

«Мы гатовыя да супрацоўніцтва па любых пытаньнях, у прыватнасьці па пытаньні сьмяротнага пакараньня таксама, але ня ў выглядзе санкцыяў і ўльтыматумаў», — заявіў дэпутат 21 чэрвеня ў Менску на круглым стале «Рэлігія і сьмяротнае пакараньне», арганізаваным беларускімі ўладамі і Радай Эўропы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG