Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абама абяцае, што ЗША затрымаюць Сноўдэна


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паабяцаў выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб затрымаць былога супрацоўніка спэцслужбаў Эдварда Сноўдэна.

Дзе зараз знаходзіцца Сноўдэн, невядома. У нядзелю 23 чэрвеня ён прыляцеў у Маскву з Ганконгу. Далей ён зьбіраўся ляцець на Кубу. Аднак былы выведнік не скарыстаўся рэйсам «Аэрафлёту», на які нават прайшоў рэгістрацыю.

Джуліян Асанж, заснавальнік WikiLeaks, якая дапамагае Сноўдэну, заявіў, што той знаходзіцца на шляху ў Эквадор, дзе папросіць палітычнага прытулку.

Асанж таксама заявіў, што Сноўдэн пачуваецца добра і знаходзіцца ў «бясьпечным месцы».

Белы дом, аднак, перакананы, што Сноўдэн яшчэ ў Маскве. ЗША заклікалі выдаць былога супрацоўніка ЦРУ і АНБ.

У Злучаных Штатах Амэрыкі Эдварду Сноўдэну завочна выставілі абвінавачваньне ў выкраданьні маёмасьці дзяржавы, наўмысным разгалошваньні сакрэтных зьвестак і незаконнай перадачы абароннай інфармацыі. Па кожным з гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Учора дзяржсакратар ЗША Джон Керы абгрунтоўваў рашэньне арыштаваць Сноўдэна абвінавачаньнем яго ў здрадзе радзімы. «Відавочна, ён ставіць сябе вышэй за закон, прадаўшы сваю краіну, і гэта вядзе да вельмі сур’ёзных наступстваў» — адзначыў Керы.

Сноўдэн зьбег у Ганконг пасьля сваіх выкрыцьцяў у прэсе пра таемныя праграмы сачэньня амэрыканскіх уладаў, у прыватнасьці, па дадзеных аб тэлефонных размовах празь сеткі прынамсі адной з найбуйнейшых тэлефонных кампаній у ЗША, а таксама за дзеяньнямі ў інтэрнэце, якія ажыцьцяўляюцца празь сеткі дзевяці буйных інтэрнэт-кампаніяў ЗША за мяжой. У Агенцтве нацыянальнай бясьпекі ЗША настойваюць, што гэтыя праграмы дапамаглі сарваць дзясяткі тэрактаў.
XS
SM
MD
LG