Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: за хабар затрыманыя судзьдзя і адвакат


Супрацоўнікі КДБ затрымалі намесьніка старшыні суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Магамеда Ўмарава пры атрыманьні хабару.

Паводле сайту КДБ, хабар у памеры 2700 даляраў Умараў атрымаў ад адваката юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва Анатоля Гоманава за вынясеньне станоўчага рашэньня па крымінальнай справе адносна сваёй падабароннай і мінімізацыю магчымага пакараньня.

Старшыня КДБ пачаў крымінальную справу адносна судзьдзі па артыкуле «атрыманьне хабару асобай, якая займае адказнае становішча».

У той жа дзень быў затрыманы Гоманаў і адносна яго ў КДБ пачата крымінальная справа за даваньне хабару.

Абодва ўзятыя пад варту.

Магамеда Ўмарава вывелі з будынку суду ў кайданках.

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці карэспандэнту Свабоды не далі ніякіх зьвестак адносна гэтай інфармацыі. Паведамілі толькі, што справы адносна судзьдзі няма ў вытворчасьці.

Магамед Умараў спэцыялізаваўся на крымінальных справах, а таксама займаў пасаду намесьніка старшыні суду Кастрычніцкага раёну Магілёва. У раённым судзе ён працаваў ад пачатку 90-х гадоў.
XS
SM
MD
LG