Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў Варламаву 5 гадоў зьняволеньня


Саша Варламаў

Саша Варламаў

Сёньня ў Менску пасьля двухтыднёвага перапынку аднавіўся працэс над мадэльерам Аляксандрам Варламавым.

У сваім выступе пракурор папрасіў для Варламава 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіроўныя пасады. Пракурор прасіў суд прызнаць Варламава вінаватым ва ўхіленьні ад падаткаў і эканамічных злоўжываньнях.

Пракурор Антон Загароўскі лічыць, што фактычна ўсе выстаўленыя абвінавачаньні былі ў судзе даказаныя. Адзінае, што пракуроры адмовіліся ад некаторай кваліфікацыі. У прыватнасьці, ад таго, што махлярства, крадзеж маёмасьці рабіліся зь нейкіх асабістых прычынаў. Пакінулі проста «махлярства». У выніку Варламаў абвінавачваецца ў службовых злоўжываньнях, у завалоданьні маёмасьцю праз злоўжываньні, крадзяжы, у прысабечваньні маёмасьці і ўхіленьні ад падаткаў. Гэта тычыцца і таго, што ён, паводле пракуратуры, прысвойваў камандзіровачныя сябраў дэлегацыяў на фэстывалі «Млын моды». У тым ліку ён браў грошы з бацькоў за страхоўку і візы, хоць гэта ўсё аплачвалася з касы БДУ. Усяго такім чынам, паводле пракуратуры, Варламаў накраў 488 мільёнаў рублёў. А падаткаў ён не сплаціў прыкладна 45 мільёнаў. Якраз сёньня да матэрыялаў справы была далучана даведка, што Варламаў сплаціў з гэтай сумы 20 мільёнаў рублёў.

Таксама, паводле пракурора, Варламаў нібыта прысвойваў грошы супрацоўнікаў «Цэнтра моды», якія аддалі яму карткі. Ён нібыта здымаў заробкі з гэтых картак, а потым разьлічваўся праз канвэрт. Хоць ён кажа, што плаціў нармальна, але яму гэта было залічана як крадзеж і прысабечваньне маёмасьці. Абвінаваўца лічыць, што падсудны не плаціў падаткі за навучаньне на пляцоўках «Цэнтра моды», ліцэя БДУ. Усё разам набралася на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Але пракурор папрасіў улічыць стан ягонага здароўя, тое, што Варламаў часткова кампэнсаваў нанесеныя страты і зрабіў вялікі ўнёсак у культуру.

Сёньня да пачатку спрэчак былі агалошаныя матэрыялы зь Нямеччыны. Дырэктар «Мэрсэдэс-цэнтра» спадар Айдо засьведчыў, што ўсе выдаткі на паказ моды беларусаў у Бэрліне былі аплочаныя цэнтрам — гэта 24 тысячы эўра. Зь іх 3 тысячы эўра было выдадзена самім мадэлям за паказ. Між тым, паводле Варламава, гэта ён заплаціў 10,5 тысяч эўра дзеля дэманстрацыі. Але нямецкія партнэры не пацьвердзілі словы Варламава.

Паводле пракурора, словы Варламава пра тое, што ён плаціў за розныя тэхнічныя рэчы (подыюм, сьвятло) падчас паказаў моды, амаль ніхто са сьведак не пацьвердзіў. Толькі адзін быў выпадак, калі кіроўцы пацьвердзілі, што ён плаціў нейкія грошы за стаянку. Таксама толькі адзін раз Варламаў выехаў у камандзіроўку, калі яму папярэдне не аплацілі камандзіровачныя і гатэль, але аплацілі пасьля паездкі. Але і пры гэтым Варламаў прадставіў фіктыўную даведку, паводле якой ён атрымаў больш грошай, чым насамрэч заплаціў. Гэта было падчас паездкі ў Літву.

25 чэрвеня ў спрэчках у судзе выступіць адвакат Павал Піваварчык. Потым з апошнім словам выступіць Аляксандар Варламаў. Потым суд вынесе прысуд. Паводле зьвестак адваката, прысуд будзе вынесены ў 20-х чыслах ліпеня. Больш за 3 тыдні суду трэба для напісаньня выраку.

Варламаву прад’яўлена абвінавачваньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх махлярства і крадзёж у асабліва буйным памеры. Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» арыштавалі ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваюць пад вартай.

Судзьдзя на працэсе — Надзея Навіцкая.
XS
SM
MD
LG