Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Макея пусьцілі ў ЭЗ, каб дапамагчы палітвязьням


Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус сказаў нашаму радыё, што ён чакае свайго беларускага калегу Ўладзімера Макея ў Брусэлі ў ліпені, каб абмеркаваць пытаньне палітвязьняў у Беларусі.

Размову з прадстаўніком Літвы, якая пачынае паўгадовае старшынёўства ў Эўразьвязе ў ліпені, правёў наш брусэльскі карэспандэнт Рыкард Юзьвяк.

РС: Чаму вы вырашылі зьняць візавыя абмежаваньні з Уладзімера Макея?

Лінкявічус: Вырашана так, каб устанавіць канал сувязі, таму што нам трэба падтрымліваць сувязь, нам трэба размаўляць — ня толькі слухаць, але і перадаваць паведамленьні наўпрост. Гэта асноўная прычына. У ліпені ў нас будзе сустрэча, на якой мы будзем мець больш інфармацыі і абмяркуем далейшыя крокі. Мы лічым, што мы павінны ўзаемадзейнічаць зь Беларусьсю, каб схіліць яе да нейкіх зьменаў у стаўленьні, асабліва ў адносінах да палітвязьняў. Дзеля гэтага трэба выкарыстаць усе сродкі і ўсе каналы.

РС: Ці вы чакаеце Макея ў Брусэлі ў ліпені?

Лінкявічус: Я чакаю. Зразумела, рашэньне будуць прымаць у Менску, але я чакаю, што сёньняшняе наша рашэньне будзе імі ўспрынятае станоўча.

РС: Ці вы думаеце, што ў дачыненьні да іншых асобаў у гэтым сьпісе таксама варта зьняць візавыя абмежаваньні?

Лінкявічус: З гэтым трэба асьцярожна, бо такія крокі можна абмяркоўваць і разважаць толькі пасьля таго, як наступяць нейкія зьмены ў Беларусі. На жаль, пакуль што сытуацыя няшмат зьмянілася. Сваім сёньняшнім рашэньнем мы нікога не ўзнагароджваем, мы толькі ўсталёўваем канал сувязі дзеля ўзаемадзеяньня, каб заахвоціць нейкія зьмены.

РС: Калі гаварыць пра саміт ЭЗ і краінаў Усходняга партнэрства ў Вільні, то хто будзе прадстаўляць Беларусь — Макей?

Лінкявічус: Я змагу адказаць на гэтае пытаньне толькі пасьля сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ у ліпені.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG