Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з разьдзелу «Выбар слова».

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.


ВЫБАР СЛОВА

Двор і вуліца

Часам можна пачуць ад людзей, якія гавораць па-беларуску: былі на вуліцы, вярнуліся з вуліцы, горача сёньня на вуліцы. У такіх і падобных фразах слова вуліца ўжываюць у нетрадыцыйным для беларускае мовы значэньні — у сэнсе прасторы пад голым небам, прасторы па-за памяшканьнем (домам, кватэраю і г. д.).

У аўтэнтычнай беларускай мове вуліца, як правіла, — гэта ўсяго толькі праход, праезд, прастора паміж двума радамі дамоў. «Дзе хочаш гуляй, толькі на вуліцу не хадзі!» — так ці прыблізна так мацеркі ў нас перасьцерагаюць сваіх дзяцей ад бяды, якая надарыцца можа на вуліцы. Значэньне месца, проціпастаўленага памяшканьню, перадае ў нашай мове другое слова — назоўнік двор. Горача ня толькі на вуліцы — горача й па-за ёю, таму скажам, што горача на дварэ. Нас не было дома, гулялі ў парку — вярнуўшыся, мы скажам, што былі на дварэ. Спалучэньне на вуліцы выкарыстоўваем, калі гаворым пра тое, што сапраўды адбываецца на нейкай вуліцы: на вуліцы — дэманстрацыя, а на дварэ — дождж.

Такім чынам, ужываем слова вуліца толькі зь яго першасным, праславянскім значэньнем. Гаворым традыцыйна: вярнуліся з праходкі — былі на дварэ, на дварэ цёпла, на вуліцы шумна.

Паралельна з формаю на дварэ выступае ў мове й форма на двары. Мяжа між імі праходзіць там, дзе канчаецца падворак, канчаецца зьвязаная з канкрэтнымі домам ці хатаю прастора. Я правёў на дварэ некалькі гадзін; вяртаючыся дадому, спаткаўся на двары з суседам. Правёў на дварэ на канцы) — быў увогуле па-за домам, памяшканьнем. Спаткаўся на двары (канцавое ) — сустрэча, значыць, была каля дому, ля пад’езду. Запамятайма: форма з канчаткам абазначае блізкую да нашага жытла прастору, скажам, тэрыторыю паміж нашым домам і домам суседнім.


Для і дзеля

Кожны ведае два беларускія словы, два прыназоўнікі — для і дзеля. Аднымі сваімі значэньнямі яны супадаюць, другімі адрозьніваюцца.

Слова дзеля заўсёды дарэчы, калі гаворым, што робім нешта для дабра, у імя некага або нечага. Напрыклад: дзеля цябе пастараюся, прыйду дзеля вас, дзеля справы гатовы на ўсё. Скарыстаць слова дзеля можам таксама, называючы мэту дзеяньня: сказалі дзеля сьмеху, працуюць дзеля славы. У гэтым значэньні, праўда, паралельна зь дзеля і, відавочна, часьцей за дзеля ўжываецца прыназоўнік для. Як правіла, гаворым, што сабраліся для работы, але, паўтаруся, сабрацца можна й дзеля работы, то бо з мэтаю яе выканаць. Яшчэ слова дзеля магчымае ў прычынным значэньні: да прыкладу, дзеля сьпёкі не расьце, дзеля транспарту спазьніўся. Такія фразы часьцей можна пачуць сёньня ў дыялектнай мове, перш за ўсё ў цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі, тады як у цяперашнім літаратурным маўленьні дзеля з прычынным значэньнем — даволі рэдкая зьява. Напомню й пра слова дзеля ў складзе адметнага беларускага злучэньня. Можам сказаць: дзеля ўсяго дзеля мы забралі іх з сабою. Дзеля ўсяго дзеля значыць ‘на ўсякі выпадак’.

А зараз — пра пару выпадкаў, калі слова дзеля нам не падыходзіць. Называючы прызначэньне рэчы, прылады, карыстаемся словамі для або на: па-беларуску вядро на ваду або для вады. Прыназоўнік для ўжываем таксама, кажучы пра тое, што мае для некага ці нечага значэньне, сілу: прыкладам, для мяне гэта важнае пытаньне, для яго гэта малы клопат.

Ёсьць у мове дзялянка толькі для слова дзеля, ёсьць выпадкі, калі ўжыць можна толькі для, ёсьць, нарэшце, і супольная абодвум словам прастора. Завяршаючы, яшчэ раз ілюструю сказанае: працаваць дзеля сябе, партнэрства дзеля міру, пайсьці дзеля ўсяго дзеля, не пасьпець дзеля дажджу, сустрэцца для перамоваў, месца для стаянкі, добра выглядаць для свайго ўзросту.


Дзейны і дзейсны

Дзейны і дзейсны — два беларускія прыметнікі, пры ўжываньні якіх часам памыляюцца: блытаюць значэньні. Хацелася б перасьцерагчы ад памылкі, прыпомніць, які ж сэнс стаіць за кожным з памянёных словаў.

Фактычна дзейны — гэты той, для якога характэрная дзейнасьць. Калі кажам, што нейкі чалавек дзейны, маем на думцы, што ён актыўны, энэргічны, яго характарызуе дзейнасьць. За апошнія дзесяцігодзьдзі прыметнік дзейны пашырыўся ў мове: рэгулярна ўжываецца цяпер на месцы традыцыйнай у савецкую пару формы дзеючы. Мы гаворым пра дзейнае заканадаўства, дзейную армію, нарэшце, пра дзейных асобаў у п’есе. Вось жа, яшчэ раз, дзейны — той, хто проста дзее, функцыянуе, бывае, з эфэктам, а бывае, і безь яго.

Тым часам дзейсны — гэта ўжо ня проста той, якога характарызуе дзейнасьць, дзейсны — той, які абавязкова дзее эфэктыўна, плённа. Можам сказаць: дзейсныя сродкі, дзейсная праграма, калі гэтыя сродкі ці праграма даюць рэальны вынік, актыўна ўплываюць на нешта.

Усё тут вельмі проста. Запомнем раз і назаўсёды: дзейны ўдзел, дзейны закон, дзейная асоба, але — падкрэсьліваючы эфэктыўнасьць — дзейсныя захады, дзейсны спосаб, дзейсныя лекі.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG