Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сумненьне ў дзеяньнях Чырвонай Арміі — пад суд


Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, старшыня камітэту бясьпекі і супрацьдзеяньня карупцыі Дзярждумы Расеі Ірына Яравая ўнесла на разгляд парлямэнту законапраект аб увядзеньні крымінальнай адказнасьці за рэабілітацыю нацызму, у тым ліку, за адмаўленьне вынікаў Нюрнбэрскага працэсу і за распаўсюджваньне загадзя непраўдзівых зьвестак аб войсках антыгітлераўскай кааліцыі.

Пакараньне прапануецца ўстанавіць у форме штрафу памерам да 3 тысяч рублёў (прыкладна 100 даляраў) альбо пазбаўленьня волі на тэрмін да 3 гадоў. Паводле праекту, пакараньню падлягаюць адмаўленьне прысуду, вынесенага Міжнародным ваенным трыбуналам (Нюрнбэрскім трыбуналам), а таксама адмаўленьне дзейнасьці армій краін антыгітлераўскай кааліцыі па падтрыманьню міжнароднага міру і бясьпекі падчас Другой сусьветнай вайны. Таксама будзе карацца распаўсюджваньне заведама ілжывых зьвестак аб дзейнасьці армій краін антыгітлераўскай кааліцыі падчас Другой сусьветнай вайны, разам з абвінавачваньнем ва ўчыненьні злачынстваў, у тым ліку са штучным стварэньнем доказаў абвінавачваньня.

Тыя ж злачынствы, учыненыя асобай з выкарыстаньнем службовага становішча або з выкарыстаньнем СМІ, будуць карацца штрафам у памеры ад 100 тысяч да 500 тысяч рублёў (ад 3000 да 15 тысяч даляраў) альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін да 3 гадоў .

Вярхоўны суд РФ у сваім афіцыйным водгуку падтрымаў законапраект.

«Савецкі Саюз разам зь іншымі краінамі антыгітлераўскай кааліцыі змагаўся з фашызмам, і любыя спробы па-іншаму інтэрпрэтаваць і ацаніць ролю і значэньне Чырвонай Арміі ў гады Другой сусьветнай вайны супярэчаць ня толькі гістарычна аб’ектыўным зьвесткам, але і самому міжнароднаму прававому акту», — заявіла Ірына Яравая «Ведомостям».

Няма зьвестак пра тое, што падобны законапраект плянуецца прыняць у Беларусі. Аднак меў месца выпадак, калі быў прызнаны «экстрэмісцкім» нумар часопісу АРХЭ, у якім друкаваліся артыкулы з адрознымі ад афіцыйнага поглядамі на Другую сусьветну.ю вайну. http://www.svaboda.org/content/article/24751002.html

Выступаючы сёлета падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Мы захоўваем памяць пра вялікіх сусьветных лідэраў: Іосіфа Сталіна, Уінстана Чэрчыля і Франкліна Рузвэльта, якія, падняліся над палітычнымі рознагалосьсямі, сфармавалі адзіны фронт нацый супраць фашысцкага прыгнёту. Мы ўдзячныя ўсім саюзьнікам па антыгітлераўскай кааліцыі за ўдзел у агульнай барацьбе з ворагам. Аднак ёсьць і тыя, хто пастаянна імкнецца перагледзець гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, прынізіць значэньне гераічнай барацьбы савецкіх людзей, ачарніць партызанскі рух, рэабілітаваць фашысцкіх катаў і асабліва іх прыслужнікаў».
XS
SM
MD
LG