Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.



БУДОВА СЛОВА

Адрэса ці адрас?

У беларускім маўленьні апошніх двух дзесяцігодзьдзяў паралельна з назоўнікам мужчынскага роду адрас ужываецца форма жаночага роду адрэса. Пры гэтым хто-ніхто з маладзейшых карыстальнікаў літаратурнае мовы мяркуе, што якраз-такі адрэса — адметная беларуская форма. У якой ступені гэтае меркаваньне апраўданае?

Пачнем з таго, што разьбіраны тут назоўнік — францускага паходжаньня. У францускай мове слова adresse — жаночага роду. У форме менавіта жаночага роду гэты назоўнік часта замацоўваўся ў тых мовах, куды ён прыходзіў беспасярэдне з францускай.

У беларускай літаратурнай мове новага часу агульнаўжывальнаю стала мужчынскародавая форма адрас. Слова адрас прыйшло да нас, хутчэй за ўсё, з польскай мовы, дзе раней аформілася як назоўнік мужчынскага роду. Зьвярну ўвагу, што ўсе нарматыўныя беларускія слоўнікі XX ст. фіксуюць форму мужчынскага роду адрас. Адносна нядаўняе зьяўленьне ў беларускім маўленьні формы адрэса на месцы традыцыйнага адрас ня зьвязана наўпрост з жаночым родам францускага назоўніка adresse. Прычына іншая — на беларускі грунт была перанесеная ўкраінская форма адреса: нехта «падгледзеў» адресу ў украінскай літаратурнай мове, выкарыстаў на пісьме, а далей ужо гэтую форму пачалі ўжываць, трактуючы як «сапраўдную беларускую» на фоне расійскага назоўніка адрес.

Але ж, як бачым, нічога выключна беларускага ў форме адрэса няма. Думаю, варта нам, выбіраючы паміж адрэсаю і адрасам, ісьці за літаратурнай традыцыяй — карыстацца формаю мужчынскага роду адрас.



БУДОВА ФРАЗЫ

Звыш году, звыш меры, звыш таго

Як выглядаюць у нашай мове канструкцыі з прыназоўнікам звыш? Як правільна: зрабіў звыш за норму ці проста зрабіў звыш нормы? Інакш кажучы, ці патрэбнае нам пры слове звыш яшчэ якое службовае слова — прыназоўнік за або злучнікі як, чым, чымся?

Факты і старабеларускай мовы, і жывой дыялектнай мовы XIX — XX стст. не пакідаюць сумневу: у спалучэньнях з словам звыш назоўнік, займеньнік або лічэбнік павінен стаяць у форме роднага склону (ня бачыліся звыш году, заплацілі звыш меры, звыш гэтага ўсяго, звыш трох). «Звыш лба вочы ня ходзюць», — гэтым сказам ужываньне прыназоўніка звыш ілюструе ў сваім слоўніку 1870 году Іван Насовіч.

Сёньня, аднак, частка карыстальнікаў мовы падстаўляе да слова звыш яшчэ нешта службовае — такія выпадкі здараюцца ад зьмяшэньня канструкцыяў. Як вядома, службовае слова абавязковае ў беларускай мове пры формах вышэйшай ступені параўнаньня прыслоўяў: чакалі даўжэй за месяц, зрабілі раней за вызначаны тэрмін, сабралася больш як / чым / чымся палова ўдзельнікаў. На гэты ўзор і афармляюць часам спалучэньні з прыназоўнікам звыш. Выходзіць нетрадыцыйна (напрыклад, звыш за меру замест правільнага звыш меры). Каб не дапускаць памылак, трэба ўлічыць, што звыш — гэта службовая часьціна мовы, і пры ёй лішняе, збыткоўнае яшчэ адно службовае слова.

Такім чынам, па-беларуску скажам: зрабілі больш за норму і зрабілі звыш нормы; удзел у выбарах узяла больш як палова грамадзянаў і ўдзел у выбарах узяло звыш паловы грамадзянаў; больш за тое і звыш таго.



ВЫБАР СЛОВА

Хвіліна і мінута

Неяк пры чарговай зьмене раскладу перадач беларускай «Свабоды» на нашым сайце было зазначана, што выпускі навінаў гучаць «кожныя 15 мінут». Наш слухач Сяргей Лапуць даслаў пытаньне: чаму ў раскладзе мінуты, а не хвіліны?

Словы хвіліна й мінута раўнапраўныя ў нашай мове ў значэньні 60-тай часткі гадзіны — 60 сэкундаў. Мінута — назоўнік лацінскага паходжаньня, у даслоўным перакладзе — ‘маленькая, дробная’. У сярэднявечнай лаціне было спалучэньне pars mіnūta prіma ‘першая малая частка (гадзіны)’. У старабеларускай мове минута ўжывалася ня толькі ў часавым сэнсе, але й на абазначэньне кароткай выпіскі, копіі. Да прыкладу, у тэксьце 1495 году чытаем: «минуту, выписаную съ тыхъ книгъ, передъ нами вказывали». Для народнай беларускай мовы ХІХ — ХХ стст. мінута й яе фанэтычны варыянт мінюта характэрныя ўжо толькі ў часавым значэньні. «Сорак мінют прайшло, а яе няма», — гэта зэльвенскі сказ з «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».

Бачым, што слова мінута мае шматвяковую традыцыю ўжываньня ў нашай мове. У нас яно, дарэчы, зьявілася на пару стагодзьдзяў раней, чымся ў расійскай мове. Тым ня менш часта ў літаратурным маўленьні мы сьвядома дыстанцыюемся ад мінуты, аддаем перавагу слову, якога няма ў расійскім лексыконе, — назоўніку хвіліна. Яго вытокі — у старажытнаверхненямецкім слове hwīl (hwīla) — даслоўна ‘час, гадзіна, імгненьне’.

Незалежна ад нашых сымпатыяў да канкрэтнага слова памятайма, што 60-ую частку гадзіны можам назваць па-беларуску як хвілінаю, так і мінутаю: навіны ў эфіры радыёстанцыі гучаць кожныя 15 хвілін або 15 мінут.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG