Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі суд пацьвердзіў, што «Belarus Press Photo 2011» — «экстрэмісцкі»


Адзін са здымкаў з альбому «Belarus Press Photo 2011»

Адзін са здымкаў з альбому «Belarus Press Photo 2011»

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу па справе аб фотаальбоме «Belarus Press Photo 2011».

Падчас разгляду скаргі выступіла прадстаўніца фатографа Вадзіма Заміроўскага адвакат Ларыса Атаманчук, фатограф Юлія Дарашкевіч і яе прадстаўнік адвакат Аляксандар Бірылаў.

У сваім выступе ў судзе адвакат Аляксандар Бірылаў заявіў: «У выкарыстаным у Ашмянскім судзе экспэртным заключэньні не сьцьвярджаецца, што матэрыялы альбома зьмяшчаюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо што яны прапагандуюць такую дзейнасьць».

Чатыры аўтары экспэртызы вырашылі, што здымкі нэгатыўна адлюстроўваюць нашу рэчаіснасьць і фармуюць нэгатыўную думку пра нашу Рэспубліку Беларусь. Аднак гэта ўсяго толькі іхняе меркаваньне, зазначыў адвакат. Няма і такога, каб подпіс пад здымкам заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці, мяркуе ён.

Аляксандар Бірылаў

Аляксандар Бірылаў

«На падставе чаго тады экспэрты, аднак, прыйшлі да сваёй высновы, што канкрэтны здымак „прымяншае“ годнасьць Рэспублікі Беларусь і „падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў“? Тлумачэньняў яны не далі. Што яны шукалі ў альбоме? Нэгатыў. Але ў такім разе таксама можна ў штодзённых паведамленьнях знайсьці нямала адмоўных здарэньняў. Напрыклад, пра злачынцу, якіх забіў двух чалавек і аднаму зь іх адрэзаў галаву. Няўжо гэта можа шкодзіць рэпутацыі краіны?»

Аляксандар Бірылаў падкрэсьліў: экспэрты напісалі, што ў працах фатографаў адлюстраваны «непрыглядныя тэмы з жыцьця людзей» — «Чарнобыль, пахаваньне, старыя, інваліды». Як можна ўсё гэта лічыць «непрыгляднымі бакамі нашага жыцьця»? — запытаўся адвакат.

Удзельнікам разгляду касацыйнай скаргі патлумачылі, што здымкі ў альбоме — «суцэльны нэгатыў» і што ў зьмесьце можна заўважыць «дзейнасьць, накіраваную на прыніжэньне годнасьці».

Дарашкевіч: Напэўна, у КДБ няма ніякіх іншых важных справаў, апроч таго, як гартаць альбомы


Юлія Дарашкевіч пасьля разгляду касацыйнай скаргізаявіла: «Я не магу быць задаволенай. Я разумею, што гэта марнаваньне майго часу. Я разумею, што гэта проста фармальнасьць, што справядлівага разгляду справы нам чакаць не даводзіцца. Таму я ілюзияў ніякіх ня мела на гэты конт. Ну, напэўна, у КДБ няма ніякіх іншых важных справаў, апроч таго, як гартаць альбомы з фотаздымкамі».


У красавіку 2013 году суд Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці прызнаў фотаальбом «Belarus Press Photo 2011» экстрэмісцкім.

41 асобнік альбома «Belarus Press Photo 2011» канфіскавалі ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 году на памежным пераходзе «Каменны Лог».

Здымкі з альбому «Belarus Press Photo 2011»



Экстрымізм у спорце і прыродзе


Напярэдадні суду ў Ашмянах фатографы атрымалі копію заявы, якую УКДБ па Гарадзенскай вобласьці адправіла ў суд. З заявы вынікае, што фотаальбом прызнаны экстрэмісцкім на падставе экспэртнай ацэнкі. Экспэртамі выступілі начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Павал Скрабко і тры выкладчыкі Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Янкі Купалы.

Павал Скрабко

Павал Скрабко

Заключэньне экспэртаў: «У прадстаўленым для дасьледаваньня друкаваным выданьні «Прэс-фота Беларусі-2011», выдавецтва «Tauropolis», г. Каўнас (Літва), на 80 (васьмідзесяці) аркушах, утрымліваюцца наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасьці вымыслы пра жыцьцядзейнасьць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сфэрах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, падборка матэрыялу ў сукупнасьці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспэкты жыцьцядзейнасьці беларускага народа з уласнымі вымысламі і высновамі аўтара, што з пункту гледжаньня сацыяльных нормаў, прынятых у грамадзтве, і маральнасьці таксама прыніжае нацыянальны гонар і годнасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь, прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці зьяўляецца адной з прыкмет экстрэмісцкай дзейнасьці».

Падрабязьней пра экспэртызу можна прачытаць тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG