Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купальле па-над Сожам

абноўлена

Купальле «Талакой»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:27 0:00
Наўпроставы лінк

У ноч з 22 на 23 чэрвеня Гомельская моладзевая гісторыка-культурніцкая суполка «Талака» зладзіла блізу вёскі Хальч Веткаўскага раёну самае рамантычнае беларускае сьвята — Купальле.

На ладнай палянцы па-над ракой Сож, акаймаванай невялікай падковай лесу, няма дзе яблыку ўпасьці. Сюды прыехалі моладзь і сямейныя пары з Гомеля, Рэчыцы, Калінкавічаў, Бабруйску. Хальчанскія хлопцы, дык тыя на паліва не вытрачваюцца — пехам ідуць.

Старшыня гомельскай суполкі «Талака» Яўген Меркіс з задавальненьнем заўважае, што на будучыню трэба думаць пра адмысловую аўтастаянку. Талакоўцы традыцыйна ладзяць Купальле ў гонар летняга сонцастаяньня, калі дзень годам падаецца, а ночка караценькая — як уздых. І ладзяць яны купальскае сьвята па ўсіх старадаўніх канонах:

«На Гомельшчыне мы дакладна адзіныя, хто рэканструюе сьвята Купальля паводле канонаў, зададзеных нашымі продкамі. Сьвяткуем традыцыйныя беларускія сьвяты ўжо больш як два дзесяцігодзьдзі, удасканальваем іх праз этнаграфічныя вандроўкі, дапаўняем аўтэнтычнымі сьпевамі менавіта з нашага рэгіёну».

Па-над зялёным долам грукаюць сякеры й плывуць-сьцелюцца купальскія песьні. Хлопцы і дзяўчаты рыхтуюцца да рамантычнай ночы. Першыя ладзяць вогнішча, купальскае кола, арэлі, другія — шыюць вядзьмарку-нячысьціка, плятуць для сябе вяночкі з лугавых зёлак, а з кляновых ды дубовых галінак — для хлапцоў.

«Рэчка быстрая, беражыстая,
У той рэчачцы дзеўка мылася...»


На паляне зьяўляецца й нешта накшталт абруса-самабора — удзельнікі выкладваюць прывезены харчовы запас, а Ігар Архіпаў зь Пятром Цалкам гатуюць на дадатак крупнік і яечню.

З купальскай вячэры й пачынаецца сьвята. Глечык з саладкаватым духмяным напоем, як сонца, ідзе па кругу. Кожны кажа колькі слоў пра сябе й вітае купальскае сьвята. У гэты час хлапцы й дзяўчаты яшчэ больш уважліва прыглядаюцца адно да аднаго, выбіраючы пару для скокаў. Дасьціпны жарт і прыгожае пажаданьне шмат кажа пра чалавека.

Падмацаваўшыся, грамада ўжо ў прыцемках рухаецца да падрыхтаванага вогнішча.

«Ой пойдзем, сястрыцы, пойдзем на зарніцу.
Ночка мала — купальная».


Запаліць рытуальнае вогнішча давяраюць Антону — ён найбольш дбаў, каб нарыхтаваць дровы і парадкаваць гэтае самае вогнішча.

Ад запальнічкі агонь крадзецца па сухім гальлі ўверх, дабіраецца да ладных паленцаў — і паляна асьвятляецца дрыготкім полымем.

У цэнтры вогнішча — высокая рагуліна з купальскім колам наверсе, убраным папарацьцю і зёлкамі. Кола — сымбаль Сонца, пакланеньне Сонцу, якое дае моц і сілу ўсяму жывому на зямлі.

Маршалак сьвята, намесьніца кіраўніка гомельскай «Талакі» Марыся запрашае дарослых і малых у карагод.

«Ты прыдзі ка мне, Ільля — то-то-то,
Ты прыдзі на Купаля — то-то-то».


Да сьпеўнікаў далучаюцца менскія музыкі — Юрась Панкевіч з дудой, Мікіта Седзянкоў з цытрай і Віталь Касавец з бубнам. І гэта дадае імпэту купальскаму фэсту. Музыкі граюць польку, ойру, кракавяк, падыспань — усе тое, што спрадвеку скакалі беларусы.

На зьмену танцам прыходзяць народныя гульні — «Дзяркач», «Цяцерка», «Грушка». Сёй-той апоўначы выпраўляецца шукаць чароўную папараць-кветку.

Недзе на сходзе кароткай летняй ночы, калі поўня схавалася за лясным гушчаром, хлапцы запрагаюцца ў самаробную барану й тры разы цягаюць яе вакол вогнішча — выбараноўваюць усё злое й ліхое.

Палеская традыцыя выносіць на паверхню й другі складнік Купальля — дэманічныя сілы, якія актывізуюцца ў купальскую ноч ды ймкнуцца шкодзіць людзям і гаспадарцы. Гэтыя дэманічныя сілы ўвасабляе чорная лялька-вядзьмарка — і грамада пераможна спальвае яе на вогнішчы.

Калі агонь слабее, хлапцы й дзяўчаты ў адзіночку й парамі пачынаюць скакаць праз вогнішча. Продкі верылі, што палёт над вогнішчам ачысьціць ад усіх грахоў і нядобрых думак, а яшчэ — зьвяжа пару моцным каханьнем.

На досьвітку зь песьняю «Ой, рана на Йвана...» фэст рушыць да Сожа. У плынь ракі дзяўчаты кідаюць купальскія вянкі й загадваюць жаданьні. Не прыб’ецца вянок да берагу, ня згіне ў глыбіні — пойдзе дзеўка замуж у той бок, куды вяночак паплыў.

Купальле давяршаецца абрадавым купаньнем, на якое адважваюцца найбольш сьмелыя й рашучыя. З улоньня ракі яны выходзяць чыстымі й бадзёрымі, сонца вітае іх першымі промнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG