Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эквадор: Сноўдэн папрасіў прытулку (відэа)


Міністар замежных справаў Эквадору Рыкарда Паціно абвясьціў у нядзелю ў сваім твітэры, што амэрыканец Эдвард Сноўдэн, які выкрыў таемныя праграмы амэрыканскіх спэцслужбаў па сачэньні за тэлефоннымі кантактамі і дзеяньнямі ў інтэрнэце, папрасіў у яго краіне прытулку.

Сам Сноўдэн у нядзелю прыбыў з Ганконгу, куды ён раней бег з ЗША, у Расею на шляху далей у Лацінскую Амэрыку. Па паведамленьнях, ён мае квіток на Кубу на панядзелак, а далей зарэзэрваваў квіток і ў Вэнэсуэлу. Улады і Эквадору, гэтаксама як і Вэнэсуэлы, стаяць на антыамэрыканскіх пазыцыях.

Таксама паведамлялася, што Сноўдэн ня мае расейскай візы і вымушаны заставацца ў транзытнай зоне міжнароднага аэрапорту Шарамецьцева-2.

У ЗША ў суботу паведамлялася, што заклікалі ўлады Ганконга, рэгіёну Кітая з шырокай аўтаноміяй, паскорыць дзеяньні па запыце ЗША аб выдачы Сноўдэна, пра якую папрасілі раней, і такім чынам выканаць двухбаковае пагадненьне аб экстрадыцыі.

У Злучаных Штатах Амэрыкі Эдварду Сноўдэну, былога аналітыка прыватнай кампаніі, які па кантракце працаваў для Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША, завочна прад’явілі абвінавачваньне ў выкраданьні маёмасьці дзяржавы, наўмысным разгалошваньні сакрэтнай інфармацыі і незаконнай перадачы абароннай інфармацыі. Па кожным з гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня ў выпадку прызнаньня вінаватым.

Сноўдэн зьбег у Ганконг пасьля сваіх выкрыцьцяў у прэсе аб таемных праграмах сачэньня амэрыканскіх уладаў, у прыватнасьці, па дадзеных аб тэлефонных размовах празь сеткі прынамсі адной з найбуйнейшых тэлефонных кампаній у ЗША, а таксама за дзеяньнямі ў інтэрнэце, якія ажыцьцяўляюць празь сеткі дзевяці буйных інтэрнэт-кампаніяў ЗША замежныя грамадзяне за межамі краіны. У Агенцтве нацыянальнай бясьпекі ЗША настойваюць, што гэтыя праграмы дапамаглі сарваць дзясяткі тэрактаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG