Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску арыштаваны студэнт, які займаўся падробкай даведак аб хваробе


Падчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі аддзелу крымінальнага вышуку Савецкага РУУС Мінска затрыманы 20-гадовы студэнт адной са сталічных ВНУ. Ён падазраецца ў рэалізацыі падробленых даведак аб часовай непрацаздольнасьці.

Як паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкама, малады чалавек вырашыў паставіць выраб падробленых дакумэнтаў на паток. Для гэтага разьмясьціў адпаведную інфармацыю на сваёй пэрсанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы. Зацікаўленым прапаноўвалася пакінуць прозьвішча, імя, імя па бацьку, тэрмін, на які неабходная даведка аб непрацаздольнасьці, а таксама кантактны тэлефон.

У сярэднім за кожны дакумэнт малады чалавек браў па 100 тыс. рублёў. На гэты час вызначана, што зламысьнік вырабіў сама меней 50 падробленых даведак аб часовай непрацаздольнасьці. Але, на думку апэратыўнікаў, гэта неканчатковая лічба.

Праводзіцца праверка.

У аддзеле крымінальнага вышуку Савецкага РУУС таксама зазначылі, што пад крымінальную адказнасьць трапляе ня толькі той, хто вырабіў і збыў падробленую даведку, але і той, хто ёю пакарыстаўся. Толькі сёлета распачатыя больш як 80 крымінальных спраў у дачыненьні да студэнтаў, якія падалі падробленыя даведкі ва ўстановы адукацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG