Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна забараніла ўвоз сьвініны зь Беларусі


Украіна з 22 чэрвеня ўвяла забарону на ўвоз з Беларусі сьвіней, прадукцыі і сыравіны зь іх у сувязі з выяўленьнем на тэрыторыі краіны афрыканскай чумы сьвіней.

Як паведамляе Дзяржаўная вэтэрынарная і фітасанітарная служба Ўкраіны, забарона ўведзеная пасьля атрыманьня ўкраінскім бокам афіцыйнага пацьверджаньня з боку вэтслужбы Беларусі пра ўспышку АЧС на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці.

У эмбарга трапілі таксама корм для сьвіней і генэтычны матэрыял.

21 чэрвеня забарону на ўвоз сьвініны з Гарадзенскай вобласьці ўвяла Расея.


Афрыканская чума сьвіней (хвароба Мантгомэры) — заразнае віруснае захворваньне хатніх і дзікіх сьвіней. Перадаецца пры непасрэдным кантакце хворых жывёл і здаровых, праз прадукты зь сьвініны, а таксама транспартныя сродкі пры перамяшчэньні людзей і жывёл. Вакцыны ад гэтай хваробы няма. Амаль усё пагалоўе хворых сьвіней гіне.

Учора Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня паведаміў, што Беларускім дзяржаўным вэтэрынарным цэнтрам у паталягічным матэрыяле з трупа сьвіньні, якая належала жыхару вёскі Чапунь Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці, выяўлены генэтычны матэрыял узбуджальніка афрыканскай чумы сьвіней:

«Дзяржаўнай вэтэрынарнай службай Рэспублікі Беларусь праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па ліквідацыі ачага і недапушчэньні распаўсюджваньня захворваньня».

Ведамства нагадвае, што для чалавека афрыканская чума сьвіней небясьпекі не ўяўляе.
XS
SM
MD
LG