Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Барысаўскія навіны» вярнулі ў «Белпошту», у «Саюздрук» — не


Рэдактар газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас
Рэдактар газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас

Незалежную газэту «Барысаўскія навіны» вярнулі ў падпісны каталёг «Белпошты» пасьля васьмігадовай забароны.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў рэдактар выданьня Анатоль Букас. Аднак ён стрымана ставіцца да гэтай навіны, паколькі адразу ж узьніклі цяжкасьці з рэалізацыяй вернутага газэце права на распаўсюд празь дзяржаўную пошту.

«Так, супрацоўніца Менскага абласнога аддзяленьня „Белпошты“ ўнесла нас у каталёг, але ўчора я атрымаў інфармацыю, што нашы ўлёткі з рэклямай газэты — што на яе зноў можна падпісацца, якія мы разьмясьцілі ў аддзяленьнях сувязі, — загадалі зьняць. У чым прычына — ня ведаю. У панядзелак буду разьбірацца».

Пра тое, каб газэту вярнулі і ў сыстэму «Белсаюздруку», у газэтныя кіёскі, нават і гаворкі няма, сказаў спадар Букас, хоць прызнаў, што будзе далей весьці перамовы і з гэтым ведамствам.

Пасьля таго, як газэту «Барысаўскія навіны» разам зь іншымі незалежнымі рэгіянальнымі выданьнямі ў 2005 годзе выкінулі зь «Белпошты» і «Белсаюздруку», рэдакцыя наладзіла ўласную сыстэму распаўсюду.
Мясцовыя ідэолягі пільнуюць і адразу папярэджваюць уладальнікаў крам і кіёскаў аб магчымых праблемах, калі не адмовяцца ад дамовы з намі

Букас: «У нас ёсьць свая служба, свае паштальёны, якія разносяць газэту па кватэрах, чытачам па-за Барысавам газэту пасылаем як бандэроль, плацім за гэта 2,5 тысячы рублёў. Дамовіцца аб продажы выданьня ў крамах вельмі цяжка, я заключыў дамову зьфірмай „Вікінг-сэрвіс“, якая займаецца такім распаўсюдам, у дырэктара фірмы ёсьць дамовы з 11 крамамі ў Жодзіне і 4 — у Барысаве, але з 15 крамаў толькі адна прадавала 2 тыдні нашу газэту і адмовілася пад ціскам і пагрозамі з боку ўладаў. Тое самае адбываецца, калі мы самі з кім хочам дамовіцца — мясцовыя ідэолягі пільнуюць і адразу папярэджваюць уладальнікаў крам і кіёскаў аб магчымых праблемах, калі не адмовяцца ад дамовы з намі. Ідэолягі таксама сочаць, каб дзяржаўныя прадпрыемствы не давалі нам рэкляму».

Газэта «Барысаўскія навіны» цяпер мае 48 старонак і выходзіць накладам у 6 тысяч асобнікаў, яшчэ 10 тысяч складае наклад рэклямнага дадатку да выданьня. У лепшыя часы газэта мела наклад 19 тысяч (1998-1999 год).

У такой жа сытуацыі застаюцца іншыя рэгіянальныя недзяржаўныя выданьні, у тым ліку баранавіцкая «Інтэкс-прэс», «Газэта слонімская».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG