Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як не зусім партызанскі край — дыскусія на расейскай «Свабодзе»


Берасьцейская крэпасьць. Рэканструкцыя першага дня абароны Ўсходняга форта Берасьцейскай крэпасьці

Берасьцейская крэпасьць. Рэканструкцыя першага дня абароны Ўсходняга форта Берасьцейскай крэпасьці

Напярэдадні чарговай гадавіны нападу нацысцкай Германіі на СССР на сайце расейскай службы Радыё Свабода адбылася дыскусія, ці праўдзівы міф, што Беларусь падчас вайны была савецкім партызанскім краем.

ЧЫТАЦЬ АРЫГІНАЛ

У Расеі і некаторых іншых рэспубліках былога Савецкага Саюзу ідзе падрыхтоўка да Дня памяці і смутку — чарговай гадавіны нападу нацысцкай Германіі на СССР. Урачыстасьці будуць мець афіцыёзны характар: пройдуць ганаровыя варты памяці, будуць закладзеныя капсулы з пасланьнямі да будучых пакаленьняў, адбудуцца мітынгі-рэквіемы, на Паклоннай гары ў Маскве адкрываецца помнік франтавому сабаку. Такая ж танальнасьць жалобнай даты ўласьцівая, мабыць, яшчэ толькі Беларусі; цэнтральныя мерапрыемствы адбудуцца ў суботу ў Берасьцейскай крэпасці. Савецкая, як і цяперашняя расейская гістарыяграфія, нязьменна прыпісваюць Беларусі статус «рэспублікі-партызанкі», пераважная частка насельніцтва якой у адзіным парыве змагалася супраць нямецкіх акупантаў. Аднак факты сьведчаць аб магутным унутраным супраціве — ня толькі нацыстам, але і бальшавікам. Пра тое, ці можна лічыць Беларусь выключна савецкім партызанскім краем, кажа доктар гістарычных навук зь Менску, прафэсар Анатоль Грыцкевіч:

Анатоль Грыцкевіч

Анатоль Грыцкевіч

— З майго пункту гледжаньня, Беларусь не была такая адзіная, як традыцыйна пішуць і адзначаюць. Частка беларусаў, асабліва тыя, якія пражывалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, да савецкай улады ставілася ня тое каб падазрона, але як да «часовай»: маўляў, як прыйшлі, так і пойдуць. Па-другое, ва Ўсходняй і Цэнтральнай Беларусі, якія раней увайшлі ў склад СССР, з самага пачатку вайны рабіліся спробы стварыць партызанскі рух. Аднак першыя аддзелы былі ліквідаваныя нямецкімі акупантамі ўжо ў канцы 1941-га — пачатку 1942 гадоў.

Яшчэ адзін фактар: пры нямецкай акупацыі пачалася беларусізацыя насельніцтва. Частка беларускіх дзеячаў рыхтавала (і пасьля ў школах гэта ўкаранялася) спэцыяльныя праграмы, такім чынам, вялося навучаньне на роднай мове. Таму важна асабліва падкрэсьліць: на працягу ўсёй вайны не існавала адной, адзінай Беларусі. Былі савецкія партызаны, асабліва пачынаючы з 1942 году, калі іх пачалі перакідваць ў БССР, як кажуць, зь «вялікай зямлі», але была і польская партызанская служба — Армія Краёва. Яна дзейнічала перш за ўсё на тых тэрыторыях, якія да вайны ўваходзілі ў склад Польшчы, гэта значыць у Заходняй Беларусі. Шмат было і тых, хто прынцыпова выступаў супраць бальшавікоў, таму што людзі былі пакрыўджаныя савецкай уладай — ці асабіста, або іх сваякі. Казаць так адназначна, як у Маскве лічаць, мы проста ня можам. Было зусім ня так гладка, як у падручніках напісана.

Калі казаць пра савецкіх партызанаў, то ў Маскве быў адмысловы штаб, які займаўся ўсім, што неабходна для дывэрсійнай дзейнасьці. Паколькі гэта была арганізаваная дзяржаўная структура, то ў савецкіх партызан, асабліва ў 1943-1944 гадах, было больш посьпехаў, чым у Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі. Тым ня менш, беларускія «заходнікі» да немцаў ставіліся, прынамсі, не адкрыта варожа. І гэта зразумела: савецкая ўлада там праіснавала ўсяго паўтара гады, нават калгасаў не пасьпелі стварыць. Таму ў заходняй частцы Беларусі сытуацыя для Масквы была надзвычай складанай. Нездарма маскоўскі штаб партызанскага руху патрабаваў, каб у другой палове 1943 частка партызанскіх злучэньняў перайшла ў Заходнюю Беларусь. Чырвоная Армія павольна, але дайшла, значыць, рыхтаваліся ўжо і там ўсталяваць цьвёрдую савецкую ўладу. Бо Армія Краёва змагалася за аднаўленьне Польскай дзяржавы ў межах да 1939 году. У Маскве, натуральна, падзеі вайны трактуюць выключна з пункту гледжаньня Расеі, Савецкага Саюзу. Таму ім такая расстаноўка сіл, напэўна, ня вельмі і падыходзіць. Але мы павінны ўсё разглядаць аб’ектыўна. На жаль, у Маскве многія гісторыкі гэта нават ня хочуць разумець, — распавёў Радыё Свабода гісторык Анатоль Грыцкевіч.

Праблема грамадзкага ўспрыманьня мінуўшчыны складанейшая, чым простае пералічэньне гістарычных фактаў, яна грунтуецца ня толькі і ня столькі на навуковых пошуках, колькі часьцяком на дзяржаўнай міфалёгіі і інтэрпрэтацыі гістарычных падзей у масавай культуры. Пра лад ваеннай мінуўшчыны гутарым з гісторыкам Цэнтральнай Эўропы, аглядальнікам Радыё Свабода Яраславам Шымавым.

Яраслаў Шымаў

Яраслаў Шымаў

— Гісторыкі, натуральна, не жывуць у вакууме, яны знаходзяцца ў пэўным палітычным і сацыяльным асяродзьдзі, у іх ёсьць свае прыхільнасьці і перакананьні. Справа саміх гэтых гісторыкаў, наколькі яны мэтадалягічна праўдзівыя, наколькі сумленныя перад сабой і перад навукай. Калі казаць пра грамадзтва, то тут карціна яшчэ больш складаная: грамадзтва атрымлівае веды пра гісторыю ня толькі ад прафэсійных гісторыкаў; гэтую інфармацыю «апрацоўвае» бягучая палітыка, дзяржава, якая зацікаўленая ў прапагандзе адных гістарычных падзей і пэўнага погляду на іх і ў замоўчваньні іншых. <...>

— Савецка-расейскі міфалягічны пантэон, зьвязаны з Другой сусьветнай вайной, вельмі шырокі. Гэтых міфаў сотні і тысячы: кодавыя імёны герояў (Касмадзем’янская, Матросаў, Гастэла) і міфалягізаванае ўяўленне аб цэлых бітвах або тэрыторыях. Унутры гэтага пантэону існуе і міф пра Беларусь, шмат у чым заснаваны, вядома, на грамадзкім ўспрыманьні твораў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, сымболікі Хатыні і Берасьцейскай крэпасьці, прадукцыі кінастудыі «Беларусьфільм». Цэнтральны ваенны міф — гэта дзейнасьць беларускіх партызан. Кананічную карцінку ў апошнія гады спрабуюць разбурыць прыхільнікі альтэрнатыўнага пункту гледжаньня: колькі было партызан, столькі было і паліцаяў. Дзе праўда?

— Паняцьце «міф» у масавай сьвядомасьці часта асацыюецца з паняцьцем «няпраўда». Але ў гістарычным сэнсе міф — гэта не няпраўда, гэта спосаб успрыманьня гісторыі грамадзтвам. Клясычнае савецкае ўяўленьне, якое ў савецкія часы выкладалі ў школах, вядома, не зусім дакладнае: нібыта ў пэрыяд акупацыі ўся рэспубліка як адзін чалавек ўстала на барацьбу з акупантамі ці дапамагала ў гэтай барацьбе. Такі погляд не адпавядае рэчаіснасьці. Рэпрэсіўнымі былі абодва рэжымы, на палову тэрыторыі Беларусі савецкая ўлада прыйшла толькі ў верасьні 1939 года. Прынамсі для паловы насельніцтва рэспублікі на момант пачатку савецка-германскай вайны савецкая ўлада была яшчэ чужая. Больш за тое, у яе рэпрэсіўнасьці ў пэрыяд 1939-41 гадоў шмат якія беларусы пасьпелі пераканацца. Таму мелі месца выпадкі, калі немцаў сустракалі як вызвольнікаў. У часткі нацыянальнай інтэлігенцыі тады паўсталі надзеі на тое, што нямецкая ўлада дапаможа аднавіць нацыянальную культуру, больш за тое, яшчэ і нейкую нацыянальную аўтаномію ўвядзе. Гэтыя надзеі даволі хутка разьвеяліся, і маштабы нацысцкіх рэпрэсіяў у Беларусі жахлівыя.

Савецкі партызанскі рух інсьпіраваў Цэнтральны штаб, які знаходзіўся ў Маскве, часткова ён арганізавана выбудоўваўся савецкім бокам, а часткова стаў стыхійнай рэакцыяй на нямецкія рэпрэсіі, на сотні спаленых вёсак. Рэальная карціна ў Беларусі была вельмі няпростая. Таму адзіны міф, магчыма, пакуль у гістарычным сэнсе і не складваецца: адзін бок робіць акцэнт на традыцыйную савецкую вэрсію гісторыі, іншы бок прытрымліваецца антысавецкай вэрсіі. Апошняя, вядома, у большасьці выпадкаў не азначае прамога адабрэння дзеяньняў так званых паліцаяў, то бок атрадаў і фармаваньняў, якія ствараліся немцамі зь мясцовых жыхароў («Беларуская краёвая абарона», напрыклад), але, тым ня менш, прапагандуе такі падыход: Беларусь апынулася паміж двух агнёў, і абедзьве улады — і савецкая, і нямецкая — ёй былі чужыя.

Мне здаецца, часам абодва гэтыя падыходы анахранічныя ў тым сэнсе, што просты чалавек, сельскі жыхар, у часы акупацыі ў такіх катэгорыях наўрад ці думаў. Людзям у першую чаргу было важна выжыць у страшных умовах, і яны прымалі самыя розныя рашэньні, сыходзячы са сваёй канкрэтнай, асабістай ці сямейнай сытуацыі: хтосьці сыходзіў у партызаны, нехта запісваўся ў паліцаі, хтосьці проста выжываў, здаваў немцам або партызанам прадукты, якія ад яго патрабавалі, толькі каб захаваць сябе, сваю сям’ю, сваіх блізкіх

Ігар Карней, Андрэй Шары

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG