Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Лобаў: Лета, але ягад ці гародніны не даюць


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

З маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым у калёніі сустрэлася маці — Марына Лобава. Жанчына апавяла карэспандэнту Свабоды:

«Гэта было кароткатэрміновае спатканьне — толькі размова цягам дзьвюх гадзін. Настрой у яго нармальны, бадзёры. Ён крыху загарэлы — відаць, з надыходам цяпла ўдаецца пабыць на сонейку. Калі пракуратура правядзе праверку ягонай скаргі, ня ведае. Праінфармавалі, што правераць, а калі, не паведамляюць. Відаць, напішуць ужо пасьля праверкі, што ўсё законна... Як звычайна».

Надышло лета, а ці адбілася зьмена сэзону на харчаваньні вязьняў? Ці даюць ім ягады, сьвежую гародніну? Вось што адказала на гэтае пытаньне Марына Лобава са спасылкай на зьвесткі ад сына.

«Ягад ці сьвежай гародніны вязьням не даюць. Гародніна ў іх — гэта кіслая капуста ці салёны гурок, гэта ўсё. Садавіны ў сталоўцы таксама няма. Нават у турэмнай краме садавіна бывае крайне рэдка, магчыма, восеньню. Калі ёсьць магчымасьць, сваякі перадаюць вязьням вітаміны ў прадуктовых перадачах, але іх ня ўсе атрымліваюць: каму забаронена, а ў каго проста няма сваякоў», — патлумачыла Марына Лобава.

Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня нібыта за вулічную бойку за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. За той жа інцыдэнт на 2 гады быў асуджаны кіраўнік Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Актывісты ў судзе казалі пра правакацыю спэцслужбаў. Эдуарда Лобава трымаюць у калёніі ў Івацэвічах, Зьмітру Дашкевічу дадалі год нібыта за непадпарадкаваньне і трымаюць у гарадзенскай турме.
XS
SM
MD
LG