Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя працы мае намер накіраваць у Беларусь місію, каб скласьці поўны малюнак сытуацыі з правамі прафсаюзаў і дапамагчы беларускім уладам рэалізаваць ранейшыя рэкамэндацыі Сьледчай камісіі МАП.

Такое рашэньне зьмяшчаецца ў дакладзе камітэту па нормах і стандартах МАП, прынятым на 102-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы (МКП), якая праходзіла 5–20 чэрвеня ў Жэнэве, паведамляе БелаПАН.

Згодна з дакумэнтам, апублікаваным на афіцыйным сайце МАП, камітэт разгледзеў сытуацыю з правамі працоўных у 26 краінах. Асноўную ўвагу аддалі тром дзяржавам — Беларусі, Узбэкістану і Фіджы.

Пры ацэнцы выкананьня Беларусьсю канвэнцыі аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы камітэт улічыў пісьмовыя і вусныя даклады прадстаўнікоў беларускай урадавай дэлегацыі, якую ўзначальвала міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.

Разам з тым камітэт адзначыў «нявырашанасьць пытаньняў аб забесьпячэньні правоў працоўных аб’ядноўвацца па сваім жаданьні і самастойна арганізоўваць дзейнасьць прафсаюзаў без умяшаньня дзяржаўных органаў».

Акрамя таго, было падкрэсьлена, што Беларусь да гэтага часу ня выканала рэкамэндацыі Сьледчай камісіі МАП за 2004 год і ня ўнесла неабходныя папраўкі ў нацыянальнае заканадаўства, якое датычыцца рэгістрацыі прафсаюзаў, парадку выкарыстаньня бязвыплатнай замежнай дапамогі, а таксама арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

МАП рэкамэндуе беларускім уладам адмяніць мінімальную норму, згодна зь якой прафсаюз на прадпрыемстве можа быць зарэгістраваны толькі ў тым выпадку, калі ў яго ўвойдуць як мінімум 10% ад агульнай колькасьці работнікаў.

«Камітэт з жалем адзначыў новыя паведамленьні аб парушэньнях правоў на свабоду аб’яднаньняў у краіне, у тым ліку зьвесткі пра ўмяшаньне ў дзейнасьць прафсаюзаў, перасьлед актывістаў і ціск на іх. У прыватнасьці, у той час як беларуская дэлегацыя заявіла пра адсутнасьць выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі прафсаюзаў у 2012 годзе, камітэт валодае інфармацыяй аб адмове ў рэгістрацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на РУВП «Граніт», — гаворыцца ў дакумэнце.

Арганізацыя заклікала беларускі ўрад прыкласьці ўсе намаганьні, каб прывесьці заканадаўства ў поўную адпаведнасьць з названай канвэнцыяй «у цесным супрацоўніцтве са сваімі сацыяльнымі партнэрамі і МАП».

Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пачала расьсьледаваньне аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Паводле вынікаў расьсьледаваньня Беларусь пяць разоў уносілі ў спэцпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэньня Беларусі ў чэрвені 2007 году з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу. Каб вярнуць прэфэрэнцыі, урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамэндацыяў МАП, у прыватнасьці — даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць перасьлед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасьці; забясьпечыць усім прафсаюзным аб’яднаньням права ўдзелу ў вырашэньні важных сацыяльных праблемаў краіны.
XS
SM
MD
LG