Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Філарэт выступіў супраць сьмяротнага пакараньня


Мітрапаліт Філярэт

Мітрапаліт Філярэт

Беларуская праваслаўная царква зьвяртае ўвагу на неабходнасьць адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, але просіць не палітызаваць гэтую праблему.

«Беларуская праваслаўная царква настойліва зьвяртала ўвагу грамадзкасьці на праблему сьмяротнага пакараньня яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагодзьдзя. У 1996 годзе напярэдадні ўсенароднага рэфэрэндуму, на якім, сярод іншага, абмяркоўвалася пытаньне аб сьмяротнай кары, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакараньня», — гаворыцца ў звароце мітрапаліта Менскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта да ўдзельнікаў круглага стала «Рэлігія і сьмяротнае пакараньне», які праходзіць у Менску.

«Мы, хрысьціяне, ня можам апраўдваць сьмяротнае пакараньне, бо гэта грэх забойства... Жыцьцё любога чалавека належыць яго Тварцу, Богу. Ня мы, грэшныя людзі, даравалі быцьцё чалавеку, ня нам і пазбаўляць чалавека існаваньня. Бо за жыцьцё кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос аддаў сваё жыцьцё, зьведаўшы пакуты, зьнявагі, зьдзекі і сьмерць на Крыжы... Дзяржава, караючы сваіх грамадзян сьмерцю, кожны раз нанова расьпінае Хрыста», — цытуе вітальнае слова мітрапаліта Філарэта Інтэрфакс.

«Такой была наша пазыцыя ў год рэфэрэндуму. На сёньня яна засталася нязьменнай», — падкрэсьліў кіраўнік БПЦ.

Спасылаючыся на Асновы сацыяльнай канцэпцыі РПЦ, мітрапаліт адзначыў, што «сёньня многія дзяржавы адмянілі сьмяротнае пакараньне паводле закону альбо не ажыцьцяўляюць яго на практыцы. Памятаючы, што міласэрнасьць да чалавека, які паў, заўсёды больш пажаданая за помсту, Царква вітае такія крокі дзяржаўных уладаў».

Мітрапаліт Філарэт таксама нагадаў, што патрыярх Кірыл і яго папярэднік патрыярх Аляксій II у свой час выказваліся на карысьць адмены сьмяротнай кары.

Натальля Васілевіч

Натальля Васілевіч

Экспэрт у рэлігійных справах Натальля Васілевіч з нагоды сёньняшняй заявы мітрапаліта Філарэта супраць сьмяротнага пакараньня зазначыла, што ў БПЦ заўжды былі дзьве пазыцыі: для ўнутранага спажыўца і для зьнешняга.

«Пазыцыя, якую герархія БПЦ агучвае на зьнешняй, эўрапейскай арэне, асабліва ў экумэнічным кантэксьце, у параўнаньні з той, што гучыць ва ўнутрыбеларускім інфармацыйным полі, як правіла, адрозьніваецца большай адкрытасьцю, дэмакратычнасьцю і нават лібэральнасьцю. І гэта лёгка вытлумачыць ня толькі прагматычнымі прычынамі, але і тым, што ў Беларусі пры цяперашнім палітычным рэжыме цэрквы рызыкуюць сапсаваць адносіны з уладамі, што можа мець значныя наступствы», — мяркуе спадарыня Васілевіч.

Яна нагадвае, што пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду за тэракт у менскім мэтро Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву Менская эпархія БПЦ апублікавала свае тлумачэньні пра «Хрысьціянскае стаўленьне да праблемы сьмяротнага пакараньня». У іх было сказана:

«У царкоўным веравучэньні мы не знаходзім вычарпальных зьвестак, якія б зрабілі хрысьціянскае стаўленьне да гэтай праблемы адназначным».

Паводле словаў аўтараў таго тлумачэньня, хоць сумневы ў мэтазгоднасьці пакараньня сьмерцю і дыскусія пра яго адмену адбываюцца «пад уплывам менавіта Эвангельскага вучэньня», а ў Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы “заяўляецца аб большай пажаданасьці адмовы ад сьмяротнага пакараньня», катэгарычна патрабаваць яго адмены «ў грамадзтве, якое ў сваёй большасьці так рашуча на ім настойвае», Царква не павінна:

«Ня ўмешваючыся ў кампэтэнцыю судовай і выканаўчай улады, Царква сьведчыць аб вечнай Эвангельскай Праўдзе, раскрывае сябе ў новазапаветным вучэньні аб веры, надзеі і любові».

Натальля Васілевіч была сярод аўтараў пэтыцыі да царкоўных і сьвецкіх уладаў Беларусі з патрабаваньнем скасаваць сьмяротнае пакараньне.

У гэтай пэтыцыі 262 чалавекі, у тым ліку актыўныя вернікі і багасловы, наўпрост зьвярталіся да кіраўніцтва БПЦ:

«Мы, праваслаўныя хрысьціяне, зьвяртаемся да царкоўных уладаў Беларусі, каб яны прынялі вобраз сьвяціцеля Мікалая Цудатворца, які спыніў меч, занесены над галовамі асуджаных на сьмерць. Мы жадаем сёньня пачуць з вуснаў нашага першасьвяціцеля слова, поўнае спагады да чалавека, яснае і дакладнае сьведчаньне аб сьвятасьці чалавечага жыцьця».

Магчыма, гэтая пэтыцыя пазытыўна паўплывала на трансфармацыю пазыцыі мітрапаліта Філарэта, які цяпер выразьней выступіў супраць сьмяротнага пакараньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG