Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальніку віцебскай міліцыі Ігару Яўсееву Аляксандар Лукашэнка прысвоіў званьне генэрал-маёра міліцыі. А як склаліся лёсы і кар’ера іншых міліцэйскіх начальнікаў, якія вызначыліся падчас разгону шматтысячнага мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці?

Тое, што міліцыянт Ігар Яўсееў стаў генэрал-маёрам міліцыі, не зьдзівіла апазыцыйнага палітыка Анатоля Лябедзьку. Лідэр АГП добра памятае, як на пачатку 2010 году менавіта Яўсееў хапаў яго за рукі і не даваў прайсьці да будынку адміністрацыі прэзыдэнта. «Назавіцеся! Хто вы такі? Чаму парушаеце парадак — не дазваляеце мне прайсьці па вуліцы?» — зьвяртаўся апазыцыянэр да міліцыянта з трыма вялікімі зоркамі на пагонах. Палкоўнік назваўся начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі Яўсеевым і папярэдзіў Лябедзьку, што яшчэ крок па вуліцы Энгельса — і яго, а таксама ўсіх пікетоўцаў з партрэтамі палітвязьняў, арыштуюць. У канцы году, 19 сьнежня, гэтая пагроза была выкананая, прычым брутальна. Толькі Ігар Яўсееў тады быў ня ў строгай міліцэйскай форме, а ў чорнай кароткай куртцы і чорнай шапачцы — акурат як ягоныя падначаленыя, якія зьбівалі мітынгоўцаў, у тым ліку і журналістаў на плошчы Незалежнасьці і вакол яе. Ці заслужыў Ігар Яўсееў свае генэрал-маёрскія пагоны? Анатоль Лябедзька мяркуе, што адказ залежыць ад пункту гледжаньня:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«З пункту гледжаньня таго, наколькі гэты чалавек беражліва ставіўся да грамадзянаў, да іх правоў, — канечне, не. У адносінах асабіста да Аляксандра Лукашэнкі — так. Ён мог бы атрымаць і генэралісімуса. Для сыстэмы, якую стварыў Лукашэнка, ёсьць попыт на такіх людзей. Іх ня так і шмат, таму іх заўважае і грамадзкасьць, і журналісты, але сыстэма хацела б, каб іх было больш і нават каб паміж імі існавала канкурэнцыя».

Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў Віцебску Ігар Яўсееў доўга не затрымаецца. «Такія людзі больш патрэбныя ў Менску. Мяркую, бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў яго вернуць», — кажа апазыцыйны палітык.

Былы міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, які, паводле ягоных словаў, непасрэдна кіраваў разгонам мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, быў у траўні 2012 году адпраўлены ў адстаўку. Цяпер былы міністар працуе дарадцам у выканкаме СНД. На пачатку году ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды спадар Куляшоў сказаў, што яму «ня сорамна за свае дзеяньні 19 сьнежня 2010 году».

Ігар Яўсееў б’е фаторафа Ўладзю Грыдзіна падчас адной з акцый апазыці, 20 сьнежня 2010

Ігар Яўсееў б’е фаторафа Ўладзю Грыдзіна падчас адной з акцый апазыці, 20 сьнежня 2010



На прэсавай канфэрэнцыі пасьля разгону мітынгу намесьнікі міністра Анатоля Куляшова палкоўнікі Алег Пякарскі і Яўген Полудзень распавядалі пра жалезныя пруты і бутэлькі з кактэйлем Молатава, якімі нібыта была ўсеяна плошча Незалежнасьці пасьля сыходу дэманстрантаў. Што сталася з гэтымі міліцыянтамі?

Палкоўнік Яўген Полудзень, фота СТВ

Палкоўнік Яўген Полудзень, фота СТВ

На пачатку 2012 году Яўгена Полудня арыштавалі паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях. Суд над Яўгенам Полуднем праходзіў на пачатку 2013 году і быў закрытым, прысуд шмат каго зьдзівіў сваёй мяккасьцю — 3 гады зьняволеньня. Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў не выключае, што да канца году Яўген Полудзень выйдзе на волю:

«Нейкую яму драбязу інкрымінавалі і кажуць, што гэта ўсё з-за таго, што трэба было расчысьціць месца для іншых людзей. Бо ён быў чалавекам Куляшова, а прыйшлі новыя кадры».

Мае спробы даведацца, у якую калёнію накіравалі адбываць пакараньне Яўгена Полудня, пакуль не далі плёну. «Пра гэта ўсе маўчаць. Відаць, запхнулі куды бібліятэкарам, як звычайна», — паведаміў чалавек са спасылкай на знаёмага ў пракуратуры.

Былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі, якога ў 2012 годзе звольнілі з пасады з фармулёўкай «за страту даверу», цяпер, паводле крыніц у міліцыі, працуе ў ахове буйной фірмы, якая займаецца продажам будаўнічых матэрыялаў.

Працягвае працаваць у менскай гарадзкой міліцыі Максім Грышчанка. Як падначалены Ігара Яўсеева ён браў актыўны ўдзел у разгоне маўклівых акцыяў 2011 году. А вось былога начальніка Цэнтральнага РАУС Віталя Сінякова, які працаваў і ў міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС, нядаўна адправілі на пэнсію. Цяпер ён кіруе службай бясьпекі парку «Дрымлэнд» на вуліцы Арлоўскай — якраз насупраць навабубду, які ў народзе называюць «новай рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі».

Яшчэ адзін малады генэрал, чыё імя шчыльна зьвязанае з разгонам акцыяў пратэсту ў Менску, — Аляксандар Барсукоў, цяперашні начальнік міліцыі Менску. У лютым гэтага году Аляксандар Лукашэнка сваім указам павысіў яго з палкоўніка да генэрал-маёра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG