Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аракелян, «Жыве Беларусь» і Скарына ў Рэгенсбургу


У Рэгенсбургу ад 30 красавіка да 26 чэрвеня адбываецца цыкль імпрэзаў «Ці ведаеце вы Беларусь?», дзе будзе прадстаўленая жывая беларуская культура — літаратура, тэатр, музыка, кіно, фатаграфія.

«Эўрапэўм» — Усходне-Заходні Цэнтар пры Рэгенсбурскім унівэрсытэце — арганізуе ў гэтыя месяцы культурную акцыю «Ці ведаеце вы Беларусь?». Гэты дасьледны цэнтар займаецца разьвіцём кантактаў паміж Усходняй і Заходняй Эўропай у галіне навучаньня і дасьледаваньня.

«Мэта цыклю імпрэзаў „Ці ведаеце вы Беларусь?“ — пазнаёміць немцаў з разнастайнай жывой культурай Беларусі. Немцы сёньня маюць аднабаковае ўяўленьне пра Беларусь — калі наагул яго маюць — якое абмяжоўваецца палітыкай, — падкрэсьліў дырэктар «Эўрапэўму» славіст Вальтэр Кошмаль. У гэтым і важнасьць нашай цяперашняй культурніцкай акцыі — мы хочам будаваць такія масты».

Цыкль імпрэзаў адкрыўся 30 красавіка лекцыяй Лявона Баршчэўскага «Беларусь для пачаткоўцаў». 8 траўня адбылася тэатральная імпрэза — перад нямецкай публікай выступіў плястычны тэатар «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава з спэктаклем «ДК Данс 2013». 13 траўня госьцем рэгенсбурскіх культурных імпрэзаў быў пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, які жыве ў Гамбургу.

КАНЦЭРТ ПАЎЛА АРАКЕЛЯНА

6 чэрвеня адбыўся канцэрт джазавага саксафаніста Паўла Аракеляна.
Павал выступіў з эксклюзыўнай праграмай, складзенай зь дзьвюх частак.
Першая частка на вершы паэта Анатоля Сыса. Другая частка складаецца зь беларускіх арыгінальных кампазыцыяў. ​

Джаз-канцэрт Паўла Аракеляна ў Рэгенсбургу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:23 0:00
Наўпроставы лінк


«ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

12 чэрвеня адбылася закрытая прэзэнтацыя «Жыве Беларусь!» у нямецкім Рэгенсбургу. Фільм прадставіў адзін з аўтараў Францішак Вячорка. Пасьля фільму ён адказаў на пытаньні гледачоў. Немцаў цікавіла, што ў фільме праўда, а што мастацкая выдумка. Таксама пыталіся, наколькі ў Беларусі кантралюецца інтэрнэт і мэдыі.

«Фільм мае унівэрсальны мэсыдж, магчыма, таму ён зразумелы ня толькі беларусам. Гэта фільм пра страх, як ён скоўвае людзей, і пра тое, як яго пераадолець. Акрамя таго, многія эўрапейскія народы прайшлі праз дыктатуру», — адзначыў Вячорка.

«Жыве Беларусь!» у Рэгенсбургу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:28 0:00
Наўпроставы лінк




ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПЭРСПЭКТЫВЫ БЕЛАРУСІ

Наступным мерапрыемствам цыклю 18 чэрвеня стала грамадзкая дыскусія на тэму "Чаму Беларусі трэба ўступіць у Эўразьвяз". У ёй узялі ўдзел кіраўнік Фонду для дэмакратыі ў Беларусі пры Нямецкім фондзе Маршала Ёрг Форбрыг, журналіст, сябра ўправы Нямецка-беларускага таварыства Інга Пэц і журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа.




Ёрг Форбрыг растлумачыў, які шлях трэба прайсьці Беларусі да поўнага сяброўства ў Эўразьвязе:

«Наагул перадумовы далучэньня даволі ясна рэглямэнтаваныя ў Капэнгагенскіх крытэрыях Эўразьвязу. Краіны, якія былі прынятыя ў Эўразьвяз на працягу апошніх дваццаці гадоў мусілі выканаць каталёг, які складаўся з чатырох галоўных умоваў, якія ўключалі аб’яднаньне дэмакратычных інстытутаў, сыстэмы вяршэнства права, рынкавай эканомікі.

Паколькі самі ўмовы адносна ясна рэглямэнтаваныя — гэтыя тыя самыя ўмовы прымяняліся да Польшчы, Славаччыны і іншых новых краінаў ЭЗ — іх выкананьне ёсьць непасрэднай перадумовай для ўступленьня ў Эўразьвяз такой краіны, як Беларусь. Але ж, вядома, да гэтага яшчэ далёка.

У краіне мусіць адбыцца прынцыповая перамена — там мусяць узьнікнуць свабодныя выбары, дэмакратычныя структуры, рынкавыя структуры, вяршэнства права — перш чым Беларусь наагул можа аднавіць дачыненьні з Эўразьвязам, якія б маглі разьвівацца ў бок поўнага сяброўства.

Калі гэта адбудзецца, калі наступіць гэтая першая перамена — тое, што адбылося ў краінах Цэнтральнай Эўропы ў 1989-1990 гадах — тады краіну будзе чакаць цэлы шэраг прамежкавых крокаў, якія прайшлі і іншыя краіны па шляху да поўнага сяброўства, на што ў іх пайшло прыблізна паўтара дзесяцігодзьдзя.

У большасьці выпадкаў першым крокам было Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве, наконт якога зь Беларусьсю вяліся перамовы яшчэ ў 1995 годзе, аднак пасьля яны былі замарожаныя. Наступны крок — атрыманьне статусу кандыдата».

Ёрг Форбрыг
Ёрг Форбрыг






Інга Пэц ужо амаль дваццаць гадоў рэгулярна бывае ў Беларусі. Мы спыталіся ў яго, ці заўважаюцца ў Беларусі нейкія зьмены?

«Я бываў у Беларусі ад 1994 году і за гэты час, вядома, адчуваюцца перамены на розных узроўнях, аднак апісаць гэтыя зьмены даволі цяжка. Для таго, хто сёньня наведвае Беларусь і ня ведае гэтую краіну, і бачыць людзей на вуліцах, машыны — карацей кажучы, павярхоўную карціну краіны — ён заўважыць, што там усё выглядае як і ў нас, чаго ў 90-х гадах не было. Моладзь сёньня ў Беларусі выглядае больш свабоднай, выказваецца больш свабодна, хоць старэйшае пакаленьне яшчэ захоўвае савецкія звычкі і часам баіцца казаць нешта публічна або выявіць свае эмоцыі. Вядома, усе гэтыя перамены прыходзяць перадусім праз інтэрнэт, праз дыяспару, празь людзей, якія пажылі за мяжой і вярнуліся ў Беларусь. Цяпер, калі ёсьць грошы, можна свабодна выяжджаць зь Беларусі за мяжу, і маладыя людзі езьдзяць і прывозяць з сабою жаданьне і прагу пераменаў. І ў гэтым ужо ёсьць перамена.

Што да палітычных пераменаў, то ў мяне ўражаньне, што маладых людзей, якія б хацелі рызыкаваць, якія былі б гатовыя нечым ахвяраваць, сесьці ў турму або сутыкнуцца з абмежаваньнямі ў грамадзкім ці прафэсійным жыцьці, робіцца ўсё меней. Уражаньне такое, што людзі, якія вырасьлі ўжо пры Лукашэнку, добра засвоілі, што ў палітыку лепш ня ўмешвацца, каб ня мець праблемаў. Мне здаецца, што пакаленьне маладых 90-х, якія вырасьлі яшчэ ў савецкія часы, мела больш змагарны настрой — варта прыгадаць масавыя дэманстрацыі, у якіх удзельнічалі дзясяткі тысячаў людзей, калі адбываліся сутычкі зь міліцыяй. Сёньня нічога такога больш няма».

Інга Пэц
Інга Пэц



АДЗІНЫ НЯМЕЦКІ СКАРЫНА

Закончыцца цыкль рэгенсбурскіх беларускіх імпрэзаў 26 чэрвеня - бібліятэкар Матыяс Вэнцэль азнаёміць з асобнікам Бібліі Скарыны, знойдзеным у 2005 годзе ў Верхнелужыцкай навуковай бібліятэцы ў Гёрліцы.

Аляксандра Фарн, Франак Вячорка, Сяргей Шупа
Рэгенсбург
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG